"Аўдыёрывер": Мы не хочам другі Лондан ці Берлін. Хочам першую Варшаву

У Варшаве, у цудоўным хіпстарскім месцы PKP Powiśle Еўрарадыё сустракаецца з Лукашам Напорам — дыджэем-медыяпрадзюсарам-прэс-сакратаром фэсту электроннай музыкі "Аўдыёрывер", як для нас — самага атмасфернага фэсту Польшчы.

Нас цікавіць, якія ідэі рушаць арганізатарамі. Якую музыку яны лічаць вартай свайго фэсту? Як працуюць з аўдыторыяй, каб на непапсовую электронную музыку прыцягнуць ажно 17 тысячаў гледачоў? І як у іх атрымліваецца ўжо 7 гадоў трымаць марку і не скаціцца ў камерцыю? Варта пазнаёміцца з польскім досведам!

Еўрарадыё: Мы ўжо пабывалі на шматлікіх фэстах ва ўсім свеце і заўважылі, што фэсты як краіны: кожны са сваімі накірункам і каштоўнасцямі. Калі казаць пра "Аўдыёрывер" якая ў вас звышідэя?

Лукаш Напора: Я называю наш фестываль “quality music for quality people”. Патлумачу, бо “людзі высокага гатунку” — трохі жудасна гучыць. Рэч у тым, што ў 2003-2005 гадах мы шмат ездзілі па польскіх фэстах. Але ўсе фестывалі электроннай музыкі ў той час у Польшчы былі такімі, як, напрыклад, Ultra Music Festival — шмат зорных імёнаў, дзе, з аднаго боку, граюць прадстаўнікі папулярнай камерцыйнай электронікі — Swedish House Mafia ці Tiesto, а з іншага — альтэрнатыўныя дыджэі, кшталту Рычы Хоціна.

Нам гэта вельмі не падабалася. Не таму што мы не любім Swedish House Mafia, ці Tiesto, ці Арміна ван Бурэна — як артысты яны добрыя. Праблема ў тым, што людзі, якія іх слухаюць, — не хачу нікога пакрыўдзіць — часта нявыхаваныя, агрэсіўныя, зашмат часу праводзяць у качалцы. Не кажу, што ўсе, але вельмі шмат. І, прыходзячы на такія імпрэзы, людзі нашага стылю не адчуваюць сябе бяспечна ў такой кампаніі.

І мы захацелі зрабіць зусім іншы фестываль. Не той, дзе дзеля таго, каб паслухаць якасную альтэрнатыўную музыку, мы будзем запрашаць папулярную трансавую зорку кшталту Tiesto — бо ў яго больш за ўсё фанаў, на якіх можна “зарабіць”, а дадаткам ужо зрабіць сцэну з Рычы Хоціным. Такім шляхам, дарэчы, спрабаваў пайсці фэст Creamfields у Польшчы. Але з гэтай спробы нічога добрага не атрымалася. Таму мы вырашылі замест аднаго топ-дыджэя запрасіць 40 менш папулярных, але тых, якія граюць добрую музыку і змогуць прыцягнуць на фэст добрых людзей — ветлівых, адкрытых, з усмешкамі на тварах.

"Аўдыёрывер" — вельмі прыгожае месца ў горадзе Плоцку, на беразе ракі ў цэнтры старога гораду, вельмі камернае, там добра прысесці, пазнаёміцца з новымі людзьмі.

"Аўдыёрывер" — вельмі прыгожае месца ў горадзе Плоцку, на беразе ракі ў цэнтры старога гораду, вельмі камернае, там добра прысесці, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Мы не хочам на фэсце ніякай агрэсіі. На шчасце, там ніколі не было такіх сітуацый. Але мы мусім быць асцярожнымі з тым, якая музыка ў нас грае. Бо на фэсце немагчыма зрабіць фэйс-кантроль, адзіны шанец, каб прыцягнуць на фэст толькі тых людзей, якіх хочаш, — гэта падабраць адпаведную музыку. Бо не скажаш каму-небудзь на ўваходзе: “Не, ты мне не падабаешся, ідзі дамоў”. Ён заплаціў 150 злотых за ўваход і мае права ўвайсці. Пакуль нехта не агрэсіўны, ён мае гэтае права.

Гэта не значыць, што мы дзелім людзей на катэгорыі — не, проста мы ведаем, што пэўным групам людзей нельга адпачываць побач. І лепш іх не сутыкаць. Таму мы перавагу аддаем фанам альтэрнатыўнай электронікі.

Еўрарадыё: Раскажы падрабязней пра музычныя стылі, якія пануюць на фэсце "Аўдыёрывер".

Лукаш Напора: "Аўдыёрывер" з самага пачатку меў два найважнейшыя для нас музычныя кірункі — тэхна-хаўс і драм-энд-бэйс. З часам пачалі з’яўляцца новыя сцэны, з новымі стылямі, і ў гэтым годзе іх ужо сапраўды шмат.

На галоўнай оўпэн-эйр-сцэне будуць жывыя выступленні. Röyksopp — галоўная зорка фестывалю, граюць электрапоп.

У суботу будзе новазеландскі гурт Shapeshifter, яны цудоўна граюць жыўцом — драм-энд-бэйс/соўл. Гэты гурт адзін з найважнейшых электронных новазеландскіх гуртоў увогуле, у іх круты вакаліст — вялізарны негр з аксамітным моцным голасам.

Другая сцэна мае назву Circus — такая “Ібіца-Лондан-Берлін”, дзе зайграюць Рыкарда Вілалобас, Марка Карола — самыя розныя варыяцыі тэхна, хаўсу і тэк-хаўсу.

Ёсць яшчэ сцэна Hybrid. У другі дзень там будзе Etheric Double — электронны хіп-хоп са Штатаў, зусім невядомы у нас музыка, але сапраўды выбітны.

Ну, і апошні наш здабытак — сцэна Wide, што значыць “шырокая”. Там шырокая гукавая разнастайнасць: эксперыментальная музыка, эмбіент. Там жа будуць Deadbeat, Martyn. "Аўдыёрывер" так разросся, што складана ўжо ставіць артыстаў, якія граюць эксперыментальную музыку, на вялікія сцэны. Не вельмі гэта крута выглядае, калі ў вялікім намёце 300 чалавек сядзяць на пяску і слухаюць музыку. Таму гэтая сцэна меншая, на ўзвышшы, дзе людзі змогуць спакойна пасядзець і паслухаць музыку.  

Як бачыце, "Аўдыёрывер" вельмі стылёва разнастайны. І нам падабаецца знаёміць людзей з новымі гатункамі музыкі. Мы хочам, каб у кожнага была магчымасць на фэсце адкрыць для сябе нешта новае, новы стыль, артыста. Гэтым "Аўдыёрывер" і круты — ты прыехаў, напрыклад, на тэк-хаўс, але калі ён крыху надакучыў, можаш пайсці на 3 іншыя сцэны і закахацца ў 5 розных артыстаў цягам 2 гадзінаў.

Ты прыехаў, напрыклад, на тэк-хаўс, але калі ён крыху надакучыў, можаш пайсці на 3 іншыя сцэны і закахацца ў 5 розных артыстаў цягам 2 гадзінаў.

Падрабязная праграма фестывалю.

Электронная музыка нешта большае за дыскатэку ў клубе, за “туц-туц-туц”

Еўрарадыё: Вы як-небудзь адукоўваеце сваю аўдыторыю? Будуеце якую суполку вакол сябе? Бо ўсё ж стылі музыкі ў вас не мэйнстрымавыя, па тэлебачанні не пачуеш. Значыць, пастарацца трэба, каб знайсці і сабраць аматараў такіх альтэрнатыўных стыляў разам.

Лукаш Напора: Так, мы робім некалькі рэчаў. Галоўная — гэта Independent Market (незалежны рынак), які праходзіць падчас дзённай часткі "Аўдыёрыверу" — на старым рынку Плоцка, што побач з пляжам, дзе праходзіць начны "Аўдыёрывер". Там могуць паставіць намёт польскія фірмы, якія займаюцца незалежнай музыкай — вытворцы, медыя, музычныя крамы. То бок, маленькія фірмы, якія не маюць вялікіх грошай на рэкламу. А падчас нашага фестывалю пра іх можа даведацца больш людзей. Не ведаю, ці можна гэта называць адукацыяй, хутчэй — прафесіяналізацыяй.

Мы хочам даць такім фірмам шанец развівацца, можа, больш прадаць дыскаў ці кашулек, ці знайсці новага артыста для супрацоўніцтва. Мы не кажам ім, што яны мусяць рабіць — не, мы толькі прапаноўваем: прыходзьце, тут усе вашыя кліенты, да якіх вы хочаце патрапіць. Сапраўды, калісьці я размаўляў з госцем з Red Bull, і ён называў лічбу актыўных клабераў у Польшчы — 30-50 тысяч чалавек. І калі "Аўдыёрывер" прыцягвае 17 тысяч — то гэта палова тых, хто слухае такую музыку ў Польшчы.

А вось дакладна адукацыйны праект — Музычная канферэнцыя. Яна адбываецца напярэдадні фэсту, увесну, на яе мы запрашаем людзей з музычнага бізнэсу. Сустракаемся і дыскутуем на розныя тэмы — як знайсці спонсараў, якая сітуацыя з польскай клубнай сцэнай, што добра, што дрэнна, робім лекцыі па маркетынгу, мэта якіх — расказаць людзям, якія маюць добрую ідэю, як яе прасунуць, і ці варта яно таго. Я сам вельмі шмат вучуся з гэтых канферэнцый.

Таксама мы працуем з польскай прэсай, якую вельмі складана зацікавіць нашымі артыстамі, бо, банальна, журналісты пра іх ніколі не чулі. Вось ты ведаеш Trentemøller, Vitalic, Kalkbrenner. А яны не маюць уяўлення, хто гэта! А гэта сапраўдныя зоркі электроннай музыкі! Таму, каб зацікавіць польскую прэсу, на сорак невядомых артыстаў мы запрашаем аднаго, якога яны дакладна ведаюць. Напрыклад, Röyksopp, ці Нікаласа Жара, ці Кавінскага.

Спонсараў таксама прыходзіцца адукоўваць. Бо прыходзіш да іх, паказваеш зорку за 60 тысяч еўра, а яны у жыцці не слухалі такой музыкі, не маюць уяўлення, хто гэта, і думаюць, што ў такім выпадку фэст не мае шанцаў быць паспяховым, і не дадуць на тое грошай. Таму мы мусім тлумачыць, вучыць, ставіць гэтым журналістам і спонсарам дыскі, каб яны ведалі, што гэта крута.

Ну, і самае галоўнае — працаваць з непасрэднай аўдыторыяй, прывіваць людзям сапраўдную любоў да электроннай музыкі. Стымуляваць іх самім шукаць музыку, цікавіцца тым, што адбываецца на гэтай сцэне. Бо стандартная сітуацыя: людзі заканчваюць школу, пачынаюць хадзіць у клубы, бо ўсе сябры ходзяць, там адрываюцца. А пасля 25 гадоў пачынаюць працаваць і забываюць, што ўвогуле калісьці тусілі. Альбо нараджаюць сабе дзіця і сядзяць на канапе днямі і не варушацца.

Гэта ўсё з-за таго, што ім ніхто не распавёў, што электронная музыка — нешта большае за дыскатэку ў клубе, за “туц-туц-туц”, пад які можна выпіць 2-3 шклянкі і пайсці дадому. Я б хацеў, каб людзі любілі музыку, ведалі яе, прыходзілі на канкрэтных музыкаў і дыджэяў. Толькі тады ў клубах і на фэстах будзе файная атмасфера.

Мы не рабілі наш фэст з думкамі “хочам так, як у Еўропе”. Хутчэй, “не хочам так, як у Польшчы”

Еўрарадыё: У Берліне ці Лондане сусветных сталіцах электроннай музыкі акурат такая сітуацыя. І стылі, пра якія ты распавядаў, там вельмі папулярныя. Вы хочаце нечага падобнага ў Польшчы?

Лукаш Напора: Шчыра кажучы, я ў Берліне быў толькі раз — у клубах Tresor, Watergate і Panarama Bar. У Лондане быў два разы — у Fabrique, Cocoon. Таксама наведаў некалькі фэстаў у Германіі, кшталту Nature One і інш. Але я не заўзятар фэстаў. І ніхто з нашай каманды. Мы не рабілі наш фэст з думкамі “хочам так, як у Еўропе”. Нашым матыватарам было, хутчэй, “не хочам так, як у Польшчы”.

Не хацелі мы, як я ўжо казаў, каб транс-музыка мяшалася з “нашай”. Мы не глядзелі на фэсты, якія былі папулярныя ў той час, калі мы пачыналі — тыпу Crimfields, Dance Valley, Nature One — бо калі б глядзелі і рабілі як яны, то атрымалі б фэсты, якіх не хочам. А пра такія фэсты, як Sonar, Timework, Love Family Bar, тады ніхто з нас яшчэ не ведаў, бо яны не былі такімі вялікімі. Таму наш фестываль мы будавалі ў кантэксце таго, што ёсць у Польшчы.

Але ці хочам мы мець такую ж сцэну, як у Берліне ці Лондане? Так, натуральна. Але ці магчыма гэта? Пакуль у нас не будзе сваіх прадзюсараў і мы будзем імпартаваць музыку з клубаў у Лондане ці Берліне, датуль у нас і будзе музыка “спазняцца” на 2 гады. Таму што там гэта музыка нараджаецца, а мы яе імпартуем. І такая музыка прыклейваецца ненадоўга, а пасля адклейваецца. Таму што ў нас няма каранёў, якія б падсілкоўвалі суполку.

Затое ў Варшаве ёсць іншыя цікавыя суполкі, як, напрыклад, PKP Powisle, дзе мы зараз сядзім, дзе месціцца альтэрнатыўная Варшава, хіпстэрская, і гэта вельмі модна. Як калісьці клабінг быў у Польшчы. Ёсць, на шчасце, ўсё больш польскіх прадзюсараў — Кэтс энд Догс, Марцін Чубала, Яцэк Сенкевіч і г.д. Можа, з часам з гэтага нешта атрымаецца.

Бо ведаеш: едзеш у Берлін — едзеш на нямецкага дыджэя. У Польшчы на польскага дыджэя ніхто не хоча ісці. Каб было інакш, трэба музыкам вельмі пастарацца, каб зачапіць людзей, трэба і ў Еўропе дзе выдацца, каб пра іх даведаліся. Шмат чаго трэба зрабіць. Але я ненавіджу казаць, што мы хочам “другі Лондан ці другі Берлін”. Мы хочам “першую Варшаву”. Няхай яна такая, якая ёсць, і мы мусім зрабіць так, каб у ёй было добра.

Таксама я не разумею, навошта польскія арганізатары купляюць замежныя фестывалі. Выглядае для мяне крыху дзіўна — бяруць вялікія назвы, запрашаюць гучныя імёны, трацяць велізарныя грошы на ліцэнзію, каб нейкі амерыканец табе прадаў права зладзіць гэты фестываль. Але навошта? У выніку там граюць тыя дыджэі, якіх я і сам магу запрасіць. Ці Ultra Music Fest нечым адрозніваецца ад фэсту PKP Powisle, калі там граюць такія самыя артысты? Я лічу гэта глупствам — набываць нешта за мяжой толькі таму, што лянота прыдумаць нешта сваё тут.

Усходнія суседзі лепш зразумеюць, што адбываецца на нашым фестывалі

Еўрарадыё: Ці прыязжаюць на фэст наведвальнікі з-за мяжы? Ці хочаце вы такую аўдыторыю?


Лукаш Напора: Ну, можа 10 было ў мінулым годзе. Я, шчыра, не ведаю. Ведаю толькі, што літоўцы арганізуюць аўтобус-тур — бо гэта самы бліжэйшы ад іх мяжы фэст электроннай музыкі. Але яны не спыняюцца ў намётавым мястэчку, а неяк асобна тусуюцца. Але калі казаць пра замежных гасцей... "Аўдыёрывер" не з’яўляецца супер-арганізаваным фестывалем, дзе ўсе ходзяць “як па гадзінніку”. Артысты — так, але... трохі ўсходняя фантазія ў нас прысутнічае.

Напрыклад, ты сама ведаеш, як “лёгка” даехаць да Плоцка. Калі цягніком ехаць — то з Варшавы трэба даехаць да Кутна, а там перасесці на электрычку. На YouTube ёсць смешны ролік, як фестывальшчыкі выйшлі ў Кутне натоўпам у тысячу чалавек, а на перон падалі электрычку ў 1 вагон. І такіх “неспадзяванак” на шляху да "Аўдыёрыверу" і ў самім Плоцку можа быць шмат.

Я не хачу гэтым сказаць, што мы не хочам міжнародную публіку, але я заўсёды баюся рабіць нейкі асаблівы піар за мяжой, асабліва ў Заходняй Еўропе. Мне падаецца, што ўсходнія суседзі лепш зразумеюць, што адбываецца на нашым фестывалі. Ну прыедуць, ну пастаяць крыху ў чарзе, ну размесцяцца ў цесным намётавым мястэчку. Для паляка, беларуса, рускага, літоўца, украінца гэта будзе нармальна. Але калі прыедзе хто з Лондана ці з Германіі, дзе ўсё “пад лінейку”, то, мне падаецца, будзе дрэнна сябе адчуваць.

Я думаю, што ў нас будзе добра толькі тым замежным гасцям, якія самі нас знойдуць, а не тым, якія пачуюць нашы абяцанкі. Добра, калі яны прыедуць і скажуць пасля сваім сябрам: слухайце, там файна, смешна, інакш, атмасферна, па-польску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі