Азаранка перамагла Уільямс і выйграла турнір у Катары
Вынік напружанага матчу, які доўжыўся амаль тры гадзіны — 7:6 (8:6), 2:6, 6:3. Парадаксальна, але з панядзелка Віка страчвае тытул першай ракеткі свету.
Беларуска Вікторыя Азаранка здолела пацвердзіць свой тытул пераможцы турніру — летась яна таксама выйграла гэтае буйное тэніснае спаборніцтва ў Катары. Але год таму яе саперніцай у фінале была Саманта Стосур, а сёлета Вікторыі давялося выдзіраць перамогу з рук адной з самых жорскіх тэнісістак планеты Серэны Уільямс.
Апошнім разам спартсменкі гулялі 9 снежня 2012 году на выставачным матчы ў бразільскім Сан-Паулу. Тады Азаранка таксама перамагла — 6:3, 7:5. Да гэтага Уільямс практычна не пакідала ёй шансаў: лік іх асабістых сустрэч быў 12:1 на карысць амерыканкі. Сёння гэта ўжо 12:3, прычым беларуска перамагла ў фінале прэстыжнага турніру.