Барысаўскі БАТЭ датэрмінова стаў чэмпіёнам Беларусі 2011 года
"Каманда стала чэмпіёнам краіны, а няма ніводнай тэлекамеры", — з сумам сказаў пасля матча Віктар Ганчарэнка.
У нядзелю прайшлі шэсць матчаў чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. БАТЭ ў Барысаве перайграў "Тарпеда-БелАЗ" з лікам 4:2 (галы ў барысаўчан на рахунку Брэсана — 2, Скавыша і М. Валадзько, у гасцей двойчы вызначыўся Салавей) і за чатыры туры да фінішу стаў чэмпіёнам краіны 2011 года. БАТЭ выйграе чэмпіёнскі тытул ужо восьмы раз (барысаўчане абыйшлі мінскае "Дынама", у якога сем перамог у чэмпіянаце) і шосты раз запар. Віншуем барысаўчан з гэтым поспехам!
Як інфармуе сайт football.by, Віктар Ганчарэнка пасля матчу з сумам зазначыў: "Найбольш мяне засмучае, што мала прэсы тут, значная частка журналістаў, напэўна, не ведала, што мы сёння чэмпіёнам можам стаць. Каманда стала чэмпіёнам краіны, а няма ніводнай тэлекамеры".
Тым часам абвастраецца барацьба за срэбраныя і бронзавыя медалі. Пасля перамогі мінскага "Дынама" над салігорскім "Шахцёрам" з лікам 3:2 і нічыі "Гомеля" ў гасцях з гродзенскім "Нёманам" — 2:2, у верхняй частцы табліцы склаўся наступны расклад:
БАТЭ — 61 ачко
"Шахцёр" — 49
"Гомель" — 47
"Дынама" (Мінск) — 46
У іншых матчах тура былі зафіксаваныя наступныя вынікі: "Віцебск" — "Мінск" — 1:0, "Дняпро" — "Белшына" — 0:0, "Дынама" (Брэст) — "Нафтан" — 0:1.
Матчы наступнага тура пройдуць 27 і 30 кастрычніка.
Фота — fcbate.by