Беларускі джаз на фэсце ў Кактэбелі прадставіць Drum Ecstasy

110824 Malina Koktebel.mp3

З 15-га па 18-га верасня ў крымскім мястэчку Кактэбель пройдзе адзін з самых уплывовых фестываляў Украіны Джаз Кактэбель. За чатыры дні на трох сцэнах фэсту выступіць больш за 50 гуртоў ды выканаўцаў з усяго свету. Нягледзячы, што не ўсе яны выконваюць чысты джаз, менавіта гэты стыль у назве фестывалю сябе цалкам апраўдвае.


"У 21-м стагоддзі вельмі складана вызначыць які-небудзь чысты стыль, у якім няма аніякіх уплываў, дэталяў, ці асаблівасцяў якога-небудзь іншага стылю, – кажа сапрадзюсар і вядучая мерапрыемства Яўгенія Стрыжэўская. – А таму, я думаю, што ў першую чаргу "Джаз Кактэбель", як сучасная падзея, адлюстроўвае менавіта сучасныя сусветныя музычныя тэндэнцыі".


За дзевяць гадоў фестываль дарос да трох сцэн з розным падыходам да музычнага напаўнення.


Яўгенія Стрыжэўская: "Адна з іх цалкам джазавая, менавіта для аматараў вытанчанай інтэлектуальнай музыкі. У сцэны "Ню-Джаз" крыху іншая палітыка, яна разлічаная на 15-20 тысяч чалавек. На гэтай сцэне, зразумела, вы не пачуеце выключна акустычных калектываў. На гэтай сцэне мы робім тэматычныя дні, сёлета там будзе вялікі рускі дзень, і гэта будзе, хутчэй, рок, чым джаз. Ёсць трэцяя сцэна для маладых праектаў, эксперыментальнай музыкі ды маладых плыняў".


Дарэчы, менавіта на гэтай маладой сцэне ў свой час выступаў гурт "Серебряная свадьба", дзякуючы чаму, пра калектыў даведаліся ва Украіне. Таксама з гэтай сцэны "Джаз Кактэбеля" пачынаў добра вядомы беларусам украінскі гурт "Даха Браха". А сцэна "Ню-Джаз" сёлета будзе больш рокавай, хаця ўдзельнікі фэсту адмыслова працуюць над спецыяльнай, больш джазавай праграмай.


Яўгенія Стрыжэўская: "Нават, калі казаць пра "Аквариум", то гэта не будуць "усе хіты" і ў звычайных версіях. Барыс Барысавіч Грабеншчыкоў вельмі сур'ёзна рыхтуецца да свайго выступу. Калі казаць пра Parov Stelar, то гэта будзе першы вялікі выступ у добрым сэнсе моднага еўрапейскага гурта. І яны зноў жа вельмі сур'ёзна ставяцца да таго, як гэта будзе гучаць. Аліна Арлова, якая, калі падумаць, да джазу ніякага дачынення не мае, упершыню будзе прэзентаваць сваю праграму з новымі музыкамі. І, насамрэч, так можна казаць пра кожны калектыў".


Каб не прапусціць на “Джаз Кактэбелі” самыя яскравыя выступы, мы папрасілі вядучую фэсту параіць некалькі сапраўды вартых увагі калектываў.


Яўгенія Стрыжэўская: "Я б абавязкова паслухала Ану Марыю Ёпэк - гэта выдатная польская спявачка. Затым шоў кампазітара музыкі да ўсіх фільмаў Люка Бесона Эрыка Сэра. Гэта будзе захапляльнае светлавое шоў, дай божа, нам з ім зладзіцца. Калі казаць пра іншую музыку, то я б ні ў якім разе не прапусціла выступ легендарнага брытанскага калектыву Red Snapper, іх музыка выдатна слухаецца на беразе мора. Яшчэ я б абавязкова прыйшла на гала-канцэрт, там выступяць тры калектывы - расійскі "Perfect me", расійскі "Карл Хламкин и ОгнеОпасноОркестр" і Алег Скрыпка. У Скрыпкі новы праект, які называецца "ЭтнаДыскаРакатэка". Гэта ўкраінскія народныя песні ў яго рэміксах. Ну, і натуральна, я б абавязкова хадзіла на "Адкрытую сцэну" і слухала маладых музыкаў. Часам гэта бывае больш цікава чым, хадзіць на легендарных, вядомых музыкаў".


Дарэчы, сёлета на фэст паедзе толькі адна каманда з Беларусі. Гэта не з-за недахопу вартых музыкаў, кажа Яўгенія. Для беларусаў першапачаткова было пакінута толькі адно месца.


Яўгенія Стрыжэўская: "Гэта была нашая сумесная ідэя. Мы выбіралі, каго ж нам такога магутнага з Беларусі прывезці? Было некалькі варыянтаў, але спыніліся на Drum Ecstasy. Таму прывозім адзін калектыў, але вельмі гучны і вельмі якасны".


Квіткі на фестываль ужо можна набыць у інтэрнэце, кошт абанемента на ўсе дні і на ўсе сцэны каля 150 долараў. Білет на адзін дзень – каля 50 долараў. У той жа час вялікую колькасць гуртоў наведвальнікі здолеюць паслухаць на халяву. Адкрытая сцэна, а таксама дзённыя канцэрты будуць бясплатнымі. Праграму арганізатары складалі такім чынам, каб людзі маглі наведаць максімальную колькасць канцэртаў і паспявалі пераходзіць ад сцэны да сцэны.
Калі вы збіраецеся наведаць "Джаз-Кактэбель", то лепш ужо зараз займацца сваім рассяленнем, бо падчас фэсту насельніцтва мястэчка вырастае з трох тысяч да трыццаці, а арганізацыяй кэмпінгу кіраўніцтва фестывалю зараз не займаецца, не хапае часу.


Яўгенія Стрыжэўская: "Людзі насамрэч самі арганізоўваюцца, там ёсць некалькі месцаў пад намёты. Усё астатняе ў асноўным вырашаецца на месцы, але я б параіла з дапамогай інтэрнэту знайсці сабе жыллё, якое вам пасуе. Калі казаць па коштах, то ад 5-ці да 500 долараў за суткі. Таксама можна за два долары арэндаваць тапчан на суткі, узяць коўдру, слухаць канцэрты і спаць на пляжы. Я лічу, гэта найлепшы варыянт".

Фота з сайта фестываля

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі