Беларускія спартоўцы атрымліваюць допінг у харчовых дабаўках
З такой заявай выступіў дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва (НАДА) Аляксандр Ванхадла.
У каментары interfax.by ён паведаміў, што станоўчыя вынікі тэстаў на допінг у апошнія некалькі месяцаў у беларускіх спартоўцаў звязаныя з ужываннем забароненых у спорце харчовых дабавак. Купіць такія харчовыя дабаўкі са стымулятарамі можна ў крамах спартовага харчавання. Па словах Ванхадлы, са спартовых крамаў гэтыя дабаўкі прыбяруць.
Таксама дырэктар НАДА заявіў, што харчовыя дабаўкі са стымулятарамі забароненыя толькі ў спорце, а звычайнаму пакупніку яны нічым не пагражаюць.
Нагадаем, што літаральна на працягу тыдня стала вядома пра станоўчыя допінг-пробы бронзавай прызёркі Алімпіяды -2004 Ірыны Ятчанкі (кіданне дыска) і чэмпіёнкі Еўропы Таццяны Шараковай (велагонкі).
Фота — mir-prekrasen.net