Беларусы рызыкуюць ў Лівіі за высокія заробкі
У ахопленай вайной Лівіі застаецца 54 беларускіх медыка. З'язджаць яны адмаўляюцца, нягледзячы на прапановы амбасады Беларусі ў Трыпалі.
"Яны жывуць і працуюць у горадзе Гадамес на мяжы з Алжырам і Тунісам. Туды ваенныя дзеянні не дакаціліся. У іх працягваецца звычайная праца, зарплата пералічваецца без затрымак", — растлумачылі "Белсату" ў кампаніі "Джэтэкспа", праз якую працаўладкоўваліся некаторыя беларускія спецыялісты ў Лівію.
Матэрыяльны стымул, безумоўна, меў значэнне пры адмове ад эвакуацыі, згаджаюцца ў "Джэтэкспа". "Заробкі ў Лівіі нашмат вышэйшыя, чым у Беларусі. Напрыклад, доктар там зарабляе ад $1500 да $3000 у месяц, а медсёстры — каля $1000. І галоўнае — не патрабуецца валоданне замежнымі мовамі", — распавялі ў кампаніі.