Белстат навучыў, як трэба лічыць сярэднія кошты на абеды!
Еўрарадыё падлічыла кошты абедаў у сталовых чыноўнікаў, Белстат на пальцах тлумачыць, як гэта рабіць правільна і нават называе стравы.
Аказваецца, Белстат лічыць сярэдні кошт па 110 сталовых па ўсёй краіне, у Мінску дзесяць такіх сталовых. Мы шчыра кіруемся парадамі Белстата і пастараліся знайсці такія кошты, каб са статыстыкай не разыходзіцца ў падліках.
Нагадаем, што сярэдні кошт абеду ў сталовай — 13 000 рублёў.
Кантрольны абед Белстата ў “адной са сталовых” у Мінску каштуе 18 тысяч рублёў: салат з гародніны, суп малочны, курыная катлета, чай і хлеб. Цікавы выбар страў, бо суп малочны і курыца — самыя танныя прадукты, а абед сярэднестатыстычны.
На пытанне Еўрарадыё, якія ў вас сярэднія кошты, у сталоўцы на “Камароўцы” азадачваюць:
“Вы ж зразумейце, у мяне салат з капустай будзе дзве з паловай тысячы рублёў, а салат з мясам — шэсць. Вам стандартны абед студэнта? Дык я вам скажу — не перавышае 20 тысяч рублёў!”
“У адной з навучальных устаноў абласнога цэнтра Белстат “абедае” на суму каля 10 тысяч рублёў. Абед з салата з буракоў, баршчу, свіных біточкаў, бульбянога пюрэ і чаю.
У рэальным Гродненскім дзяржаўным універсітэце пагаджаюцца, што ў студэнцкай сталовай можна паабедаць за 10 тысяч толькі тэарэтычна:
“Тэарэтычна, можна паабедаць, але…”
Я не пагаджаюся на нейкі там тэарэтычны абед і прашу нармальны. З мяне смяюцца:
“Першае, другое, кампот, і ячшэ і салат?! Сярэдні абед — 13-15 тысяч”.
“У сталічным універсітэце” кошт абеду ад Белстата таксама 10 тысяч рублёў. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце самае таннае гарачае ў меню — курыны біфштэкс каштуе… 9 тысяч! Амаль забірае ўсю сярэднюю статыстыку. А яшчэ каша, расольнік, суп, чай і хлеб…!
Адзінае, што парадавала — кошты ў рэальнай завадской сталовай па Белстаце — супадаюць. Белстат: абед не нейкім “заводзе ў райцэнтры” каштуе 15 тысяч рублёў — салат, боршч, каўбаскі, бульбяное пюрэ, хлеб і малако!
“Эканом-варыянт” абеду на Добрушскім фарфоравым заводзе каштуе 10-13 тысяч.
“Я маю на ўвазе самае таннае: салат, першае, курыную катлету, кісель які. Нешта даражэйшае — нармальная адбіўная, салат добры, тысяч 18-20”, — лічаць для нас у сталовай.
Гэта тыя самыя статыстычныя лічбы! Бінга! Але я зноў бянтэжуся, бо атрымоўваецца, што за аснову бяруцца самыя танныя стравы...