Брэсцкі сайт мабілізаваў чытачоў на велавандроўку (фота)

Аматары сайта “Віртуальны Брэст” наведалі 5-ы форт Брэсцкай крэпасці, потым зрабілі прывал з купаннем у пасёлку Мухавец. Адтуль накіраваліся ў раён вёскі Літвіны на рацэ Мухавец, дзе зноў было купанне. За прыкладна паўдня раварысты праехалі каля 50 кіламетраў.

У велатуры бралі ўдзел школьнікі, студэнты, хатнія гаспадыні, праграмісты і нават міліцыянты Ленінскага РАУС (у цывільным). Вайсковец Сяргей сказаў:

“Будучыня за роварам. Я лічу, што супольнасць раварыстаў не толькі ў Брэсце, але і паўсюль у нас будзе няўхільна расці. Ігнараваць іх нельга. Але і людзям трэба праяўляць ініцыятыву”.

Каб у цэнтры горада былі ўладкаваныя веладарожкі, а наяўныя на ўскраінах былі прыведзеныя ў належны стан, удзельнікі велатура выказалі ідэю пасадзіць аднаго брэсцкага чыноўніка на месяц на ровар. Адміністратар сайта Андрэй Кухарчык сказаў, што варта было б падараваць чыноўнікам ровар, але пытанне, ці захоча хто з іх на ім ездзіць.

Удзельнікі засталіся задаволеныя паездкай і выказвалі спадзяванне на новыя велатуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі