Чэкісты збіраюцца ў “сакрэтным” месцы, а ў ЦВК п’юць шампанскае на працы

121220_lukashuk_korporativy.mp3

Традыцыі навагодніх карпаратываў не чужыя і для чыноўнікаў. Нават супрацоўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі збіраюцца разам, каб развітацца з адыходзячым годам. Праўда, не ўсёй установай адразу, а часткамі.


Для гэтага, распавядае Еўрарадыё намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур, яны замаўляюць сабе рэстаран.

Андрэй Тур: “Збіраецца ўпраўленне альбо група ўпраўленняў, і яны дзе-небудзь замаўляюць такую вячэру сумесную — усё гэта ёсць”.

Запрашаць музыкаў сёлета чыноўнікі Адміністрацыі не плануюць. У адрозненне ад іх, памежнікі звычайна адпачываюць пад Ярмоленку і Дарафееву, а таксама ладзяць адразу два карпаратывы. Адзін для дзяцей і жонак афіцэраў з дальніх застаў. Іх спецыяльна аўтобусамі прывозяць у Мінск на адмысловае шоў у сталічным цырку. Збіраюцца на фуршэт і самі афіцэры, распавядаюць Еўрарадыё ў прэс-службе Памежнага камітэта.

Памежны камітэт: “У нас ёсць шмат месцаў, дзе можна сабрацца з жонкамі, правесці афіцэрскі баль. Артыстаў запрашаем. Яны вельмі добрасумленна, без фанаграмы, пад гітарку, паб баян нармальна ўсё гэта робяць. Асабліва з намі сябруе Ярмоленка, Дарафеева”…

Ёсць свая традыцыя святкавання Новага года і ў КДБ.

“А хто вас прасіў пра гэта даведацца?” — насцярожаным пытаннем адказвае кіраўнік прэс-службы камітэта Аляксандр Антановіч.

Але потым пацвярджае, што перад Новым годам чэкісты сапраўды збіраюцца разам. Месца і час — сакрэт. Спецслужба ўсё ж такі!

А вось у сенатараў з Савета Рэспублікі навагодняй карпаратыўнай традыцыі няма.

“Прыязджаць сюды і ладзіць гэтую гулянку… Яны ў сябе там ладзяць — у нас жа па 8 чалавек з кожнай вобласці. Таму тут мы не збіраемся так, усе разам. Ну, а сваім прэзідыумам, напэўна, збяромся, павіншуем адно аднаго”, — раскрывае планы старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў.

Няма традыцыі разам сустракаць Новы год і ў супрацоўнікаў Цэнтравыбаркама. Яго старшыня Лідзія Ярмошына тлумачыць гэта тым, што ў ЦВК працуюць людзі вельмі рознага ўзросту.

Лідзія Ярмошына: “Адзінае, што ў нас існуе, гэта літаральна ў апошні дзень года, 31 снежня, выпіць, перад тым як сысці з месца працы, па келіху шампанскага і павіншаваць адно аднаго”.

Не ладзяць сумесны карпаратыў і супрацоўнікі Генпракуратуры, распавядае кіраўнік прэс-службы Пётр Кісялёў. Калі толькі прадстаўнікі асобных аддзелаў не збіраюцца з уласнай ініцыятывы.

Нагадаем, што карпаратывы ладзяць і апазіцыянеры: Партыя БНФ святкуе пад баян Кастусёва, Лябедзька ў вобразе Дзеда Мароза абыйдзе дыпламатаў, "някляеўцы" праводзяць год пад рок-н-рол, а левыя — пад гітару Калякіна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі