Чым “масаж для замежнікаў” адрозніваецца ад “масажу для беларусаў”?
І ці могуць “платнікі” пазбягаць стрэсавых чэргаў да лекара?
8-я гарадская паліклініка сталіцы прапаноўвае дзве паслугі: “Масаж для замежнікаў” і “Масаж для грамадзян РБ”. Фактычнай розніцы няма. Толькі за масаж грудной клеткі замежнік плаціць 57700 рублёў, беларус — 18150.
Кошты ў розных установах залежаць ад унутраных рашэнняў кіраўніцтва. Напрыклад, у 3-й цэнтральнай раённай паліклініцы сталіцы паслуга “Рэнтгенаграфія грудной поласці ў адной праекцыі” для беларусаў і замежнікаў каштуе роўна.
А ў 5-й гарадской паліклініцы сталіцы “Ультрагукавая дыягностыка селязёнкі” каштуе 87660 рублёў для замежнікаў, 17370 — для грамадзян Беларусі.
Калі замежнік зрабіў від на жыхарства, то і медыцынскія паслугі яму могуць абыходзіцца бясплатна. Калі ж дакументу няма, то плаціць трэба на кожным кроку. Абавязковая страхоўка (каштуе 85 еўра на год) пакрывае выдаткі толькі на экстраную меддапамогу.
Медыцынскія паслугі ў Беларусі параўнальна недарагія. Некаторыя паліклінічныя ўстановы гэтым карыстаюцца, спрабуюць нават развіваць медыцынскі турызм.
Брэсцкая цэнтральная паліклініка прапаноўвае замежнікам поўную “Індывідуальную праграму абследавання пацыента”. Кошт — 272 долары.
Цікава, што беларусам трэба яшчэ ўмудрыцца, каб аплаціць у паліклініцы некаторыя паслугі (стаматалогію ці камп'ютарную тамаграфію ў разлік не бярэм). Грошы могуць узяць, толькі калі пойдзеце ў паліклініку, дзе не прыпісаны. Ці калі заявіце, што прыйшлі да ўрача… без медыцынскіх на тое паказанняў. Нічога не баліць.
Тэлефаную на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя і цікаўлюся, ці можна абмінуць чэргі, калі заплаціць за медыцынскія паслугі.
Праз гадзіну на мабільнік ператэлефаноўваюць з маёй паліклінікі.
Паліклініка: "Калі вам даюць талон, вы падыходзіце да кабінета і кажаце, што ў вас платны талон на такі вось час. Заходзіце згодна з гэтым талонам. І так магчыма без чаргі трапляць ва ўсе кабінеты: на даабследаванне, на агляд да ўрача. У нас гэта зладжана пастаўлена".
Еўрарадыё: Але часам грамадзяне ў паліклінічных чэргах гатовы разарваць любога, хто спрабуе ўвайсці ў кабінет па-за чаргой. Як дзейнічаць у такіх сітуацыях?
Паліклініка: "Калі, напрыклад, не выйшла сястра, трэба падысці да дзвярэй і сказаць: “Доктар, я чакаю платнага прыёму”. Трэба проста пагрукацца ў дзверы, зайсці і сказаць".
Гэта пацвярджае і загадчык тэрапеўтычнага аддзялення: “Ідзяце да тэрапеўта платна, аплачваеце кансультацыю, атрымліваеце талончык. Платныя паслугі вяду я і ў такіх выпадках прымаю без чаргі”.
Галоўнае — дабрацца да дзвярэй у кабінет.