ЦВК, АГП, БНФ, "Гавары праўду" задаволеныя выбарамі?
Ярмошына задаволеная яўкай, а апазіцыя сваёй працай з насельніцтвам.
У парламент абралі 109 дэпутатаў замест 110 і ніводнага апазіцыянера. Траціна абраннікаў – чыноўнікі, дзясятая частка – лекары з кіруючых пасадаў і столькі ж пенсіянераў.
У парламент не прайшоў ні адзін прадстаўнік кампаніі "Гавары Праўду". Але ж вынікамі там задаволеныя.
"Лічу, што мы дамагліся тых мэтаў, якія ставілі перад сабой. Выхад да новай большасці, прадстаўленне ёй сваёй пазіцыі і барацьба за іх давер. Мы паспрабавалі гэта зрабіць, гэта першы крок, які быў зроблены, думаю, што ён такі, як мы і чакалі", – кажа Андрэй Дзмітрыеў.
У рэгіёнах да кампаніі далучыліся новыя людзі. А хуткія вынікі сацыяльных апытанняў, маўляў, пакажуць поспех.
Хіба не дэпутацкі мандат лічыцца поспехам на выбарах?
Партыі БНФ і АГП за байкот. Па афіцыйных звестках байкоту не атрымалася. Нават на безальтэрнатыўным участку ў Гомелі, дзе зняўся кандыдат "ад улады", прагаласаваць супраць кандыдата ад ліберальнай партыі не паленаваліся прыйсці амаль 50 працэнтаў насельніцтва!
"Партыя БНФ дамаглася тых мэтаў, якія яна ставіла перад сабой перад гэтай кампаніяй. Я думаю, што не толькі БНФ але і многія іншыя палітычныя сілы, і грамадзяне Беларусі ўсведамлялі, што нічога новага у гэтыя выбары не адбудзецца. Зноўку дэпутаты будуць прызначаныя згодна з зацверджаным спісам. Што і адбылося. Таму БНФ ставіла перад сабой задачы - скарыстаць кампанію, як інфармацыйную нагоду для працы з насельніцтвам. І я лічу, што кандыдаты ад партыі БНФ з гэтай задачай справіліся", – гаворыць намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў.
"Я не лічу, што мы пераможцы. Але ўпэўнены што АГП атрымала шэраг бонусаў, і гэтыя бонусы павінны спрацаваць у недалёкай перспектыве. Самае галоўнае, што мы выйшлі да людзей з пасланнем, якое трапіла ў іх настроі і чаканні", – старшыня партыі Анатоль Лябедзька таксама ў самазахапленні.
Але пра якое пасланне гаворка? За ўвесь час кампаніі, я адшукаў у сваёй паштовай скрыні, толькі адно пасланне – ад Алега Навіцкага. Яго не зарэгістравалі кандыдатам, але ён раскідаў па скрынях падзяку.
Задаволены вынікам і Цэнтрвыбаркам. Яўка высокая - выбары адбыліся.
"Я рада прадставіць вам папярэднія вынікі выбараў, – кажа старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі, – Выбары адбыліся на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прынялі ўдзел больш за 70 працэнтаў выбаршчыкаў".
Засмучаны тым, што апазіцыя не змагла выступіць з адзіным сцэнарам, намеснік старшыні "Руху за Свабоду" Юрась Губарэвіч. Зусім не задаволеныя выбарамі некаторыя назіральнікі, але адных ужо пракацілі на "аўтазаку" ў РАУС.