Да Паўла Севярынца на Каляды прыедзе маці
Палітвязень спадзяецца, што завея і маразы, якія не сціхалі і напярэдадні Калядаў, не перашкодзяць маці дабрацца да яго.
Севярынец адбывае гэтак званую “хімію” у вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Як сказаў палітвязень у інтэрв’ю Радыё Свабода, у марознае надвор’е ў інтэрнаце яго спецкамендатуры бывае вельмі холадна. Тэмпература ў памяшканні залежыць ад добрасумленнасці работнікаў мясцовай кацельнай.
“Халодныя перыяды здараюцца. Тут свая кацельная. Рабочыя ў ёй нанятыя ў Пружанах, гэта не свае “хімікі” топяць. Шмат што залежыць ад пэўнага працаўніка: ці падрыхтуюцца, ці праспяць. Не думаю, што гэта робіцца адмыслова, але бывае холадна і нават людзі з-за гэтага, бывае, хварэюць у інтэрнаце”, — распавёў Севярынец.