Для новай калекцыі Reserved скралі здымак у беларускага фатографа?

Мінская мадэль Настасся Рудкоўская заходзіць у краму Reserved, і на адной з футболак бачыць… сябе.

Вось гэтая футболка. Фота: Настасся Рудкоўская.

Шакаваная дзяўчына робіць здымак цішоткі і адпраўляе ў Вісбадэн — беларускаму фатографу Ірыне Грамаватай. Менавіта Грамаватая год таму ладзіла фотасесію, падчас якой зроблены фотаздымак. На ім Рудкоўская апранутая ў сукенку з леташняй калекцыі мінскага дызайнера вопраткі Марыі Дубінінай “Жаночая логіка”.

Марыя Дубініна. Фота з афіцыйнага сайта.

“Такіх сукенак было пашыта ўсяго 4 ці 5, — распавядае Еўрарадыё Марыя Дубініна. — Яшчэ зараз падобную да іх мадэль можна знайсці ў Мінску. Яны з вельмі прыемнай тканіны, напалову шарсцяной. Каштавала гэтая сукенка нядорага — усяго 600 тысяч рублёў. Сапраўды, за такую рэч можна ўзяць нашмат больш. Але я лічу, што мода мусіць быць дасяжнай. Таму даводзіцца зыходзіць з пакупніцкіх здольнасцяў беларусаў”.

Арыгінал фотаздымка. Фота: Ірына Грамаватая.

Футболка хутка знайшлася на сайце Reserved. Яна каштуе 1299 расійскіх рублёў — гэта 42 долары. Амаль удвая танней за “арыгінал”.

“Першыя гадзіны, як даведалася пра гэта, я была вельмі абураная. Але пасля неяк суцішылася. Зараз усе капіююць ва ўсіх… Кажуць, што і ў нейкай мінскай цырульні гэтае фота вісіць, — працягвае Марыя Дубініна. — Але ў выпадку з Reserved не буду ніякіх дзеянняў рабіць. Хаця справу можна было б выйграць, тым больш у польскай кампаніі. Але матэрыяльныя выдаткі на юрыстаў… Зараз мне патрэбныя грошы і час на развіццё, і я не хачу губляць іх на дзеянні, якія нічога не дадуць маёй кар’еры”.

Ірына Грамаватая вырашае абараняць свае правы і скардзіцца ў Reserved. Яна мяркуе, што фота трапіла да дызайнераў з Польшчы праз адзін з вялікіх фотабанкаў. Гэта значыць — не зусім бясплатна, але без “роялціз” у бок аўтараў здымка.

Ірына Грамаватая. Фота са старонкі ў Facebook.

“Я фатограф. Я прадаю свае здымкі ў фотастокі. У далучаным файле вы знойдзеце фота футболкі са сваёй калекцыі (зробленае ў Маскве) з прынтам майго здымка. Мне цікава ведаць, дзе і па якой ліцэнзіі вы набылі гэты здымак?” — сцвярджае Ірына Грамаватая.

Праходзіць тыдзень, але адказу ад палякаў няма. Ірына рыхтуецца да судовага разбіральніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі