Гімназія рамантуе стадыён за 8 мільярдаў рублёў

121112_martynovi4_6koly.mp3

У мінскім дзіцячым садку № 527 бацькі выхаванцаў скідваюцца па 200 тысяч рублёў штогод.

“Атрыманыя грошы ідуць на набыццё цацак і касметычны рамонт у групе. Цэнтралізаваныя пастаўкі ідуць: мыла, пральны парашок — гэта развозіць Упраўленне адукацыі. Але туалетная папера і сурвэткі ў гэты спіс не ўваходзяць. Гэта бацькі, як правіла, набываюць”, — тлумачаць Еўрарадыё ў адміністрацыі садка.

А за кошт дзяржавы ў садку адрамантуюць веранды. На іх пойдзе 300 мільёнаў рублёў — гэта на 14 веранд. Атрымліваецца 2,5 тысячы долараў адна веранда.

У сталічнай школе №105 бацькі скідваюць адну "мінімалку" ў год на рамонт “месцаў агульнага карыстання”.

“Дамаўляемся так: яны пераводзяць па 100 тысяч, на месцы агульнага карыстання. Гэтая сума вызначаецца разам з апякунскай радай школы”, — тлумачаць нам у адміністрацыі школы.

У мінскай гімназіі №14 бацькоўскія грошы ідуць на рамонт класаў.

“Мы прапанавалі праз апякунскую раду здаваць па 1 "мінімалцы". За гэтыя грошы робіцца рамонт у класных пакоях. А рамонт школы праводзіцца за дзяржаўныя грошы. На наступны год у нас запланавана рэканструкцыя стадыёна на 8 мільярдаў рублёў”, — тлумачаць у гімназіі.

Для параўнання: новы стадыён БАТЭ каштуе ў раёне 20 мільёнаў еўра, а гэты школьны будзе каля 740 тысяч еўра....

Ва Упраўленні адукацыі Цэнтральнага раёна сталіцы ўпэўніваюць, што прымусіць бацькоў скідваць грошы школа не можа. Тыя плацяць цалкам добраахвотна:

“Бацькі могуць прапанаваць сабраць грошы на ўсё, што заўгодна. Але не факт, што іншыя падтрымаюць. Калі не хочуць плаціць, могуць адмовіцца”.

Бацькі дзесяцікласніцы Насты кажуць, што аддаюць у год на патрэбы школы каля 100 долараў.

“Гэта як нашае пажаданне, каб яны кудысьці ездзілі ці хадзілі. І яшчэ здаём на рамонт класа. Гэта бывае раз на год і ўключае паклейку шпалераў, падрыхтоўку столі. Гэта ў межах 50 долараў на год”, — расказвае Ірына.

Што будзе, калі бацькі не купяць туалетную паперу ў дзіцячы садок? Тады яе набудуць за пазабюджэтныя грошы, супакойваюць у садку № 527.

Фота: sheknows.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі