Дзярждэпартамент ЗША не выключае новых санкцыяў супраць Мінску

Намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Марк Тоўнер заявіў сёння на брыфінгу ў Вашынгтоне, што ЗША не выключаюць магчымасці новых санкцыяў супраць Мінску ў сувязі з паслявыбарчай сітуацыяй у Беларусі

"Я думаю, усе опцыі застаюцца адкрытымі", — сказаў Тоўнер з нагоды санкцыяў.

Брыфінг прайшоў у сувязі з запланаванай сустрэчай дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан з беларускімі праваабаронцамі і амерыканскімі беларусамі, на якой гаворка пойдзе аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі.

"Дзяржсакратар заклікае неадкладна вызваліць тых, хто застаецца за кратамі, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, СМІ і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі", — сказаў Тоўнер.

Адказваючы на пытанне, ці не прывядзе сустрэча з Хілары Клінтан да пераследу беларускіх праваабаронцаў пасля іх вяртання на радзіму, ён адзначыў: "Мы спрабуем паказаць нашу заклапочанасць, мы занепакоеныя сітуацыяй у Беларусі, і мы будзем працягваць супрацоўніцтва па гэтым пытанні. І мы хацелі б паслаць выразны сігнал, што гэтыя людзі маюць права сустракацца з кім захочуць", паведамляе Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі