Гары Паганяйла хоча пакараць дзяржаву за "спіс невыязных"
Праваабаронца падаў у суд на Міністэрства фінансаў і патрабуе грашовай кампенсацыі за маральную шкоду.
Працэс пачнецца 21 снежня а 16-й у судзе Маскоўскага раёна сталіцы. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта (БХК) Гары Паганяйла хоча дамагчыся справядлівасці ў справе са "спісамі невыязных". Як адзначыў праваабаронца ў каментары Еўрарадыё, гэта будзе першы падобны працэс:
Паганяйла: "Гаворка ідзе пра вядомы выпадак часовага абмежавання майго права на выезд з краіны ў сакавіку-чэрвені гэтага года. Сума, якую я прашу спагнаць у якасці кампенсацыі за маральную шкоду, мізерная — ацэненая мной у тры мільёны рублёў. Гэта толькі для таго, каб стварыць судовы прэцэдэнт для вырашэння падобных спрэчак з дзяржавай па той сітуацыі, якая закранула дзясяткі нашых грамадзянаў".
Юрыст патлумачыў, што згодна з законам Мінфін выступае адказчыкам у такіх сітуацыях як прадстаўнік дзяржавы. Аднак Паганяйла папрасіў прыцягнуць да працэсу як трэціх асобаў МУС і Мінюст.
Нагадаем, што сёлета шэраг прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, а таксама праваабаронцы і журналісты трапілі ў спіс асобаў, якім з розных прычынаў забаронены выезд з краіны. Пазней МУС патлумачыў усё тэхнічным збоем у камп'ютары.
Фота — belsat.eu