Генеральная пракуратура Беларусі “выдумала латышскіх паліцэйскіх”

Як паведаміў Еўрарадыё сам Андрэй, на сённяшнім паседжанні разглядаўся эпізод яго "злачынных дзеянняў" на тэрыторыі Латвіі. Паводле Генеральнай пракуратуры Беларусі, Жукавец атрымаў ад беларускага банку крэдыт, які быў накіраваны на набыццё абсталявання па вырабе рэкламных стэндаў. Грошы беларускі банк накіраваў латышскай фірме, якая займалася вырабам такога кшталту абсталявання. Аднак паколькі ў фірмы не аказалася патрэбнага тавару, то Жукавец прыехаў і забраў грошы, якія пасля прывёз у Беларусь.

Пры гэтым да беларускай мяжы Жукаўца  з грашыма суправаджалі двое супрацоўнікаў латышскай паліцыі — Аляксандр Іваноў і Аляксандр Самойлаў. Генеральная пракуратура Беларусі нават выслала суду ў Беластоку дакументы допыту гэтых паліцэйскіх, якія  быццам былі прадстаўлены латышскім бокам у межах двухбаковай прававой дапамогі паміж краінамі. Аднак, як заявіла суддзя рыжскага акруговага суду, гэтых паліцэйскіх ніколі не існавала ў прыродзе. Таму атрымліваецца, што Генеральная пракуратура Беларусі проста падрабіла дакументы, каб абвінаваціць Жукаўца.

Яшчэ адзін сведка па гэтым эпізодзе крымінальнай справы, супрацоўнік фірмы па вырабе абсталявання, сёння не змог апазнаць Жукаўца як чалавека, які забіраў у іх грошы.

Згодна з польскім заканадаўствам суддзя, які даведаўся аб падробленых дакументах павінен паведаміць аб гэтым пракуратуру. Пракуратура ў сваю чаргу павінна высветліць хто сфальсіфікаваў дакументы.

Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў "Малады фронт" і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з'ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. У Беларусі на той час супраць Жукаўца была распачатая крымінальная справа па факце нявыплаты буйнога крэдыту, які Жукавец быццам бы атрымаў ад беларускага банка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі