Голас карэспандэнта Еўрарадыё не ўлічылі? (фота)
У выніковым пратаколе няма ніводнага голасу за кандыдата, які выбыў.
На Кастрычніцкай акрузе ў Магілёве засталося толькі два кандыдаты: дырэктарка школы Людміла Старасціна 1963 года нараджэння і пенсіянерка-камуністка з "Справядлівага свету" Лілія Сівакова 1962 года. Студэнт з АГП Аляксей Кірыенка з выбараў зняўся. Але ж вырашаю прынцыпова паставіць "галачку" насупраць гэтага кандыдата.
Заходжу на свой трэці ўчастак за некалькі хвілін да закрыцця. Атрымоўваю бюлетэнь, распісваюся. На аркушы з выбаршчыкамі подпісаў за атрыманыя бюлетэні не так шмат, трохі менш за палову. Прозвішча кандыдата, які зняўся, у бюлетэні ёсць. У квадраце насупраць Аляксея Кірыенкі напісана, што кандыдат выбыў. Таму стаўлю "птушачку" проста побач з яго прозвішчам, па-за межамі квадрата.
"У нашай метадычцы распісана, як улічваюцца галасы выбаршчыкаў за кандыдата, які выбыў у перыяд датэрміновага галасавання. Адказ: калі ў перыяд датэрміновага галасавання выбыў адзін з кандыдатаў у дэпутаты, то ўчастковая камісія падлічвае колькасць галасоў за яго і атрыманы вынік заносіць у пункт 5 пратакола ўчастковай камісіі вызначанай формы. Там ёсць такі пункт — колькасць галасоў, адданых за кандыдата, які выбыў у перыяд датэрміновага галасавання", — сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зачытвае, як камісія павінна лічыць галасы за кандыдата, які выбыў.
Але скачаецца падлік галасоў, камісія вывешвае выніковы пратакол і ў пункце 5 — прочырк! Што праўда, голас я свой аддаў за кандыдата, які ўжо выбыў на гэты момант.
Мікалай Лазавік: "Калі вы прагаласавалі за кандыдата, якога няма ў спісе, то гэта будзе лічыцца, хутчэй за ўсё, сапсаваным. Сапсаваны бюлетэнь лічыцца, калі ні за каго не прагаласаваў, або прагаласаваў больш чым за аднаго".
Мой кандыдат ужо выбыў са спісу — атрымоўваецца, я прагаласаваў ні за каго. Але ж у пункце з сапсаванымі і несапраўднымі бюлетэнямі таксама прочырк! Атрымоўваецца, што мой голас проста не палічылі, можа не заўважылі, прапусцілі?
Вось, напрыклад, на 310-м участку Паўднёва-Заходняй акругі ў Мінску ўслых зачытваюць: "За кандыдата, які выбыў у перыяд датэрміновага галасавання, — нуль". Але ў мяне нават не нуль, а проста прочырк.
Куды ж падзеўся голас? У выніковым пратаколе запісана: 55 — за Сівакову, 1285 — за Старасціну, 41 — супраць усіх. Але я ні туды, ні туды "птушку" не ставіў! У іншых жа пунктах прочыркі. Колькасць выдадзеных і палічаных бюлетэняў супадае, значыць ён нікуды не знік і не згубіўся пад час падліку.
Аркуш за подпісамі выбаршчыкаў за атрыманыя бюлетэні за 10 хвілін да закрыцця ўчастка
Выніковы пратакол участковай камісіі
Ва ўсіх пунктах акрамя "супраць усіх" — прочыркі
Галасаванне "на даму" — 27 чалавек па афіцыйных звестках
Скрыня для асноўнага галасавання
Падлік галасоў заняў паўгадзіны