Кампартыя Беларусі хоча пікетаваць супраць байкоту выбараў
Асноўную частку пікетаў праўладныя камуністы плануюць выставіць у Мінску, бо шмат сяброў партыі балатуецца ў сталіцы.
Як паведаміў сакратар ЦК КПБ па арганізацыйна-партыйнай і прававой працы Рыгор Атаманаў у каментары БЕЛТА, гэта будзе контрпрапаганда ў адказ на заклікі некаторых палітычных сіл да байкоту выбараў.
Нагадаем, што за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў актыўна агітуюць аргкамітэт БХД і "Малады фронт" (Чэхія). Партыя БНФ і АГП хутчэй за ўсё здымуць сваіх кандыдатаў перад галасаваннем.
Частка актывістаў кампартыі гатовая выйсці на пікеты ўжо ў суботу, 25 жніўня. Яны плануюць раздаваць улёткі, газету КПБ, у якой апублікавана перадвыбарная платформа партыі. Асноўнай мэтай пікетаў, аднак, называецца агітацыя за кандыдатаў ад КПБ. Дарэчы, на выбары ідзе 21 кандыдат ад Камуністычнай партыі.
Фота — bnp.by