Канфіскацыя офіса "Вясны" — пытанне часу
Назіранне за выбарамі будзе праходзіць у незвычайных умовах, бо праваабарончы цэнтр "Вясна" можа ў любы момант пазбавіцца офіса.
"Наш старшыня Алесь Бяляцкі ў месцах пазбаўлення волі і праблема з офісам існуе, ― кажа паплечнік Бяляцкага, праваабаронца Валянцін Стэфановіч. ― Мы не ведаем, ці атрымаецца ў нас да верасня правесці кампанію ("Праваабаронцы за свабодныя выбары". ― Еўрарадыё) у межах цяперашняга офіса. Зараз ідуць судовыя працэсы, і мы плануем падаваць іскі. Але гэта пытанне часу. Офіс будзе канфіскаваны ў любым выпадку".
Працай назіральнікаў ужо зацікавіліся ў КДБ, дадае старшыня "Беларускага Хельсінкскага камітэта" Алег Гулак:
"У нас цікавіліся, што мы будзем рабіць і дэкларавалі, што ім цікавыя факты парушэнняў, якія мы знойдзем".
Галоўнае, кажуць праваабаронцы, каб з боку праваахоўных органаў знойдзеным парушэнняў давалася належная ацэнка і рабіліся захады, каб пакараць вінаватых.
Нагадаем, пры канцы траўня судовыя выканаўцы апісалі маёмасць "Вясны", але не апячаталі кватэру, дзе знаходзіцца яе офіс.