КДБ правяла ператрус у кватэры моладзевага актывіста Мікіты Краснова
"Сёння супрацоўнікі КДБ рабілі ператрус у кватэры маіх бацькоў. Як быццам шукалі выбухоўку і іншыя небяспечныя рэчывы.
Нічога не знайшлі", паведаміў Еўрарадыё Мікіта Красноў.
Самога яго дома на момант ператрусу не было.
Нагадаем, 20 снежня Мікіту Краснова і іншых моладзевых актывістаў гвалтоўна затрымалі ў офісе адной з няўрадавых арганізацый. Металічныя дзверы парэзалі, маладых людзей скруцілі і на іх надзелі кайданкі. У міліцыі ім паведамілі, што ў офісе шукаюць зброю, склалі пратаколы аб супраціўленні супрацоўнікам міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У маладых людзей адабралі асабістыя рэчы, шнуркі ды паясы і, відавочна, хацелі змясціць іх у ізалятары. Але неспадзявана адпусцілі, магчыма, з-за хуткага прыбыцця замежных дыпламатаў, супрацоўнікаў АБСЕ і журналістаў.