Кэтрын Эштан заклікае беларускія ўлады спыніць ціск на журналістаў
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі асуджае беларускія ўлады за арышт журналіста Андрэя Пачобута.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 10 красавіка прэс-службай Эштан заяве ад яе імя. Як лічыць кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі, рэпрэсіі ў дачыненні да гродзенскага журналіста — “яшчэ адзін прыклад парушэнняў уладамі Беларусі правоў чалавека, якія працягваюцца пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года”.
“ЕС рашуча асуджае ўсе пераследаванні, арышты і запалохванні прадстаўнікоў беларускіх незалежных СМІ, а таксама парушэнні фундаментальных правоў чалавека, такіх як свабода выказвання меркаванняў, свабода сходаў і сродкаў масавай інфармацыі”, — цытуе заяву БелаПАН.
Нагадаем, што карэспандэнту польскай “Газеты Выборчай” Андрэю Пачобуту інкрымінуюць абразу беларускага прэзідэнта і паклёп на яго. Журналіст трапіў за краты.