Колькі інтэрнэт-карыстальнікаў насамрэч у Беларусі?

120517 Nasta Inet.mp3

“Чалавек, які кожны дзень карыстаецца або раз на тыдзень, або раз на год, за нечай спінай пастаяў? Адны лічаць, пачынаючы з 12 гадоў, іншыя — з 15 гадоў”, — кажа Еўрарадыё заснавальнік партала TUT.by Юрый Зісер.


Паводле яго слоў, методыкі дзяржаўных і незалежных даследчыкаў — абсалютна розныя. Таму і лічбы такія.


Юрый Зісер: “Gemius лічыць тых, хто рэальна карыстаецца Інтэрнэтам па панэлі — тых, хто адказвае на пытанні. А Міністэрства сувязі лічыць паводле колькасці падключэнняў — лічыць мяне, дапусцім, і калі я на працы, і калі я з дому падключаюся, і калі я са свайго мабільніка выходжу… То бок, я там прысутнічаю ў трох экзэмплярах. Гэта такая методыка — яны лічаць колькасць падключэнняў”.


Каб даведацца праўду, людзей трэба апытваць у рэале, лічыць Юрый Зісер.


Белстат паведамляе, што ў Беларусі 6,8 мільёнаў інтэрнэт-карыстальнікаў. Такую лічбу ім перадала Міністэрства сувязі. “Колькасць абанентаў і карыстальнікаў бесправаднога доступу ў інтэрнэт склала 4,5 мільёнаў, павялічыўшыся за год на 34,2%”, — адзначаецца ў справаздачы.


Кіраўнік праекта Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч дае абсалютна іншыя лічбы.


Міхаіл Дарашэвіч: “Літаральна на мінулым тыдні мы атрымалі сакавіцкія лічбы. У сакавіку ў Беларусі было 4 мільёны 290 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўзросце 15 гадоў і больш. Пры гэтым пад інтэрнэт-карыстальнікам мы разумеем чалавека, які хаця б раз на месяц карыстаўся інтэрнэтам. Гэта стандартнае вызначэнне, міжнародны стандарт”.


Эксперт заклікае быць асцярожнымі з “белстатаўскай” лічбай і нагадвае, што паводле іх версіі яшчэ ў 2007-м годзе інтэрнэтам карысталася 6 мільёнаў беларусаў. Калі верыць гэтай лічбе, то за 5 гадоў колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў павялічылася ўсяго на мільён! Што супярэчыць графікам.


Міхаіл Дарашэвіч: “У іх графіку напісана: колькасць абанентаў і карыстальнікаў. Я не ведаю, як гэта разумець… Ужо была гісторыя, калі згодна з дадзенымі нашых нацыянальных камітэтаў ужо ў 2007 годзе ў нас было 6 мільёнаў карыстальнікаў. 61,93 на 100 жыхароў. У гэтую лічбу ніхто не верыў і гэта прывяло да карэкцыі…”


Тэарэтычна 7 мільёнаў можа быць. Але за які перыяд? За год? За 5 гадоў? Працягвае эксперт: “Я ж не супраць, я толькі за, каб было 7 мільёнаў”.


У сваю чаргу Мінсувязі адмаўляе наяўнасць памылак у сваіх падліках. І абяцае Еўрарадыё падаць падрабязную методыку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі