Літва заклікала Еўрасаюз спрасціць візавы рэжым з Беларуссю
Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс заклікаў сваіх калег з краін ЕС пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю.
12 красавіка ў Люксембургу на пасяджэнні Савета ЕС па замежных справах ён адзначыў, што адкрыццё Еўрасаюза і спрашчэнне візавага рэжыму стала б вялікай падтрымкай беларускай грамадзянскай супольнасці, перадае DELFI.
У сувязі з пагаршэннем становішча ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, на пасяджэнні Савета абмяркоўвалася магчымасць ужыць у дачыненні да краіны дадатковыя мэтавыя захады.
На думку кіраўніка літоўскага МЗС, ЕС да гэтага часу не выкарыстаў важнай магчымасці пазітыўнага ўплыву ў дачыненні да Беларусі. Ён адзначыў, што Літва выказваецца за добра абдуманыя захады ўздзеяння ў дачыненні да рэпрэсіўнага беларускага рэжыму. "Магчымыя захады не павінны пагоршыць становішча простых грамадзян Беларусі", — сказаў Ажубаліс.