Лячэнне Змітра Бандарэнкі адклалі на няпэўны тэрмін
Хаця палітвязень вельмі кепска пачуваецца. Пра гэта Еўрарадыё распавяла яго жонка Вольга Бандарэнка.
Бандарэнка: "У нас было доўгае спатканне з ім 21-23 снежня. Яшчэ я ездзіла заўчора — адвозіла медбандэроль туды. Было вельмі шмат лекаў, якія яму трэба... Спадзявалася, што пачнуць лекаваць, але ўсё гэта пакуль адклалася — да "пасля Новага года", хаця ён вельмі кепска пачуваецца".
Па словах жонкі, у Змітра Бандарэнкі тры тыдні трымаюцца галаўны боль і павышаны ціск, які немагчыма збіць нават таблеткамі. Пры гэтым у палітвязня ўсё яшчэ баліць пазваночнік, на якім яму ўлетку рабілі аперацыю.
Дарэчы, 30 снежня жонкі палітвязняў дадуць прэс-канферэнцыю. На ёй ініцыятыва "Вызваленне", якая аб'яднала сваякоў палітзняволеных, падвядзе вынікі сваёй гадавой дзейнасці.