Лідар лыжнай зборнай Беларусі атрымаў заробак — 140 еўра

120221 Svjardlou Dalidovi4.mp3

Праз непаразуменне з дакументамі лідар беларускай зборнай па лыжных гонках Сяргей Далідовіч застаўся на галодным пайку. У Міністэрстве спорту не перааформілі паперы на яго імянную стыпендыю. Гэта на 8 (!) мільёнаў скараціла заробак спартоўцы за студзень.

“Далідовіч, лепшы лыжнік краіны, вялікі спартовец, застаўся без заробку. Гэта што? Хто за гэта адкажа? Свой заробак, можа, аддасць хто-небудзь з дырэктарата яму?” — абрынуўся з крытыкай на чыноўнікаў віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Заічкаў.

Год таму 37-гадовы Далідовіч прыйшоў 4-м у дуатлоне на 30 км на чэмпіянаце свету ў Нарвегіі. Гэты вынік (дарэчы, найлепшы ў яго кар’еры) прынёс яму імянную стыпендыю — 600 еўра.

Сяргей Далідовіч: “Але факт у тым, што гэтую іменную стыпендыю з мяне знялі. 600 еўра атрымліваў я ў Міністэрстве спорту і турызму. Плюс 300 еўра даплачвала федэрацыя. Атрымлівалася з двух месцаў працы 900 еўра”.

Еўрарадыё пісала пра тое, што алімпійскія чэмпіёны — дзюдаіст Ігар Макараў і лёгкаатлетка Юлія Несцярэнка — жывуць на 3 мільёны за месяц. На гэтым фоне 10 мільёнаў Сяргея Далідовіча выглядаюць вельмі прыстойна. Але са студзеня лыжнік атрымлівае… у 7 разоў менш!

Сяргей Далідовіч: “Я нічога не парушаў. Стыпендыя знятая не за нейкія мае ўчынкі! Не ведаю, што там адбыўся за глюк... Але мой заробак за студзень чыстымі — 1 мільён 500 тысяч. З іх 800 тысяч — уласна заробак. Плюс надбаўка ў 30% за тое, што ўжо 20 гадоў я выступаю за нашу нацыянальную каманду. Плюс даплата за двух непаўналетніх дзяцей”.

800 тысяч — гэта тое, на што сёння можа разлічваць малады лыжнік. Таму няма чаго здзіўляцца лічбе, якую на калегіі Мінспорту агучыў Ігар Заічкаў: з 3 тысяч спартоўцаў, якія займаюцца лыжнымі гонкамі, у чэмпіянаце Беларусі ўдзельнічае 20 чалавек!

Сяргей Далідовіч: “Даўно ўжо ёсць такая тэндэнцыя, што пасля заканчэння Акадэміі фізкультуры людзі сыходзяць з лыжнага спорту. Бо на 100 долараў за месяц доўга не працягнеш. Але гэта звычайная бяда не толькі для лыжных гонак… Застаюцца толькі тыя, каму падабаецца. Да таго ж, перад маладымі заўжды ёсць псіхалагічны бар’ер. Некалькі гадоў даводзіцца “катацца” ўвогуле без аніякіх дасягненняў. Гэта вельмі хутка ламае людзей”.

Але змена пакаленняў у лыжным спорце ўсё ж адбываецца. Паводле слоў Сяргея Далідовіча, у камандзе ёсць зацятая моладзь. Сам жа спартовец упэўнены, што яго галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе. Калі пачнецца Алімпіяда ў Сочы, яму будзе 40. У такім узросце не перамагалі ні Б’ёрн Дэлі, ні Міка Мюлюля.

Сяргей Далідовіч: “У мяне сёлета было 5 гонак з мас-старта. Ні на адной я не прайграў лідару больш за 30 секунд. Адставаў на 8-10 секунд. Гэта сведчыць пра тое, што крыху больш удачы, крыху лепшы інвентар — і можна трапляць у прызы”.

Цікава яшчэ, як бы беглі лыжы лідараў сусветнага спорту, атрымай яны заробак у 140 еўра.

Фота: www.pressball.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі