Магілёўская апазіцыя хоча правесці мітынг супраць росту цэн
Адпаведную заяву дэмакраты падалі ў гарвыканкам.
Пад заявай падпісалася 12 прадстаўнікоў палітычных, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый горада. Мітынг яны плануюць правесці 9 чэрвеня на вызначанай уладай бязлюднай пляцоўцы — стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў, 64В.
Лідэр Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў кажа, што на мітынгу будуць пратэставаць супраць росту цэн, інфляцыі і падзення жыццёвага ўзроўню насельніцтва. У мітынгу заяўлены ўдзел 1000 чалавек.
Новікаў заяўляе, што дэмакраты не хочуць правакаваць уладу і падстаўляць людзей, таму пакуль вырашылі ўстрымацца ад правядзення несанкцыяваных мітынгаў у больш людных месцах.