Маці і сястра Кавалёва правялі прэс-канферэнцыю ў Варшаве (фота)
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі тэлеканал Белсат і Беларускі дом у Варшаве.
Прэс-канферэнцыя прайшла 4 снежня ў Беларускім доме. Яна была прысвечаная нядаўна абвешчанаму прысуду Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава да смяротнага пакарання за тэракты ў Беларусі.
Удзел у прэс-канферэнцыі прынялі Любоў і Таццяна Кавалёвы — маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва. Прысутнічалі таксама праваабаронца Людміла Гразнова і прадстаўнік Белсата Аляксей Дзікавіцкі.
Нягледзячы на выходны дзень, прэс-канферэнцыя выклікала вялікую цікавасць сярод польскіх журналістаў. Сваякі Кавалёва ў чарговы раз заявілі, што не вераць у вінаватасць ні Уладзіслава, ні Дзмітрыя Канавалава. Яны заклікалі падпісацца ў інтэрнэце пад петыцыяй у абарону асуджаных.
На пытанне журналістаў чаму ў кампаніі супраць смяротнага прысуду да гэтага часу не бяруць удзел сваякі Канавалава, Любоў Кавалёва адказала, што хутчэй за ўсё на іх аказваўся псіхалагічны ціск з боку праваахоўных органаў. Акрамя таго за гэты час маці Канавалава перанесла сардэчны прыступ.
Паколькі абскарджанню прысуд не падлягае, у Кавалёвых засталася толькі адна надзея — на памілаванне кіраўніка Беларусі.