Мінскі паэт прапануе пакараць яго смерцю разам з Канавалавым і Кавалёвым
48-гадовы паэт і выдавец Дзмітры Строцаў звярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.
Зварот ён апублікаваў і ў сваім блогу ў Livejournal. Прысуд Канавалаву і Кавалёву паэт называе паспешлівым. Строцаў прапануе адмяніць смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. У адваротным разе паэт хоча далучыцца да ліку асуджаных на смерць.
Як паведаміў Строцаў у каментары БелаПАН, напісаць гэты ліст яго падштурхнула крайняя трывога за жыццё асуджаных на смерць. У Беларусі амаль усё залежыць ад волі аднаго чалавека, кажа паэт, таму ён і звярнуўся менавіта да гэтага чалавека.