На 10 мільёнаў долараў павялічыцца фінансаванне БТ з бюджэту
Гэта амаль на 20% больш, чым атрымала Белдзяржтэлерадыёкампанія з рэспубліканскага бюджэту ў 2012 годзе.
У праекце бюджэту на 2013 год дэпутатам прапаноўваецца павялічыць фінансаванне Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла дэпутат парламента Валянціна Леановіч.
Валянціна Леановіч: “Белдзяржтэлерадыёкампанія, я паглядзела бюджэт — 454 мільярды. Я не ведаю, колькі там плануецца ў кансалідаваным бюджэце, колькі яны будуць на рэкламе зарабляць, але гэта тое, што з бюджэта выдзяляецца”.
Па сённяшнім курсе, БТ прапануецца выдзеліць фінансаванне ў памеры 53 мільёны 411 тысяч долараў. Нагадаю, летась на дзейнасць Белдзяржтэлерадыёкампаніі з рэспубліканскага бюджэту выдаткавалі 360 мільярдаў рублёў. Або — крыху больш за 43 мільёны долараў па курсе на снежань 2011 года.
Нягледзячы на такое павелічэнне фінансавання, Белдзяржтэлерадыёкампанія ўжо заявіла, што больш не будзе аплочваць удзельнікам нацыянальнага адбора на конкурс Еўрабачання-2013 выдаткі на стварэнне фанаграм, аранжыроўку, пастаноўку нумара і падрыхтоўку сцэнічных касцюмаў.