На матчы БАТЭ і зборнай Беларусі забаранілі прыносіць вувузелы

УЕФА забараніла вувузелы на ўсіх турнірах, якія праходзяць пад эгідай федэрацыі. Надзвычай гучныя футбольныя дудкі мы не пачуем на адборачных матчах да чэмпіянату Еўропы, у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы. Беларусь таксама падтрымае забарону, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар нашай федэрацыі футбола Ўладзімір Несцяровіч:

“Калі гэтае рашэнне прынятае на ўзроўні УЕФА ― безумоўна, яно распаўсюджваецца на ўсе еўрапейскія краіны і на ўсе спаборніцтвы, якія праходзяць пад эгідай UEFA. Таму і мы абавязкова выканаем гэтае рашэнне. Вувузелы на нашых стадыёнах не павінны прысутнічаць”.

Супрацьстаяць вувузелам будзе міліцыя, якая заўжды кантралюе ўваход гледачоў на стадыёны. І тут узнікае цалкам зразумелая складанасць.

“Вувузелу на свае вочы я ніколі не бачыў, і гучання яе не чуў. Хаця і пазнаёміўся з ёй завочна падчас матчаў чэмпіянату свету, ― кажа прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. ― Але магу заверыць вас, што мінская міліцыя на матчах міжнароднага ўзроўню не займаецца самадзейнасцю.

За некалькі дзён да матчаў пачынаюцца нарады з прадстаўнікамі УЕФА, падчас якіх да нас даводзяцца ўсе патрабаванні. Там супрацоўнікам міліцыі прадэманструюць, што такое вувузела. Для тых, хто не бачыў. І на стадыён яны яе не дапусцяць.

Скажа нам УЕФА не пушчаць вувузелы ― і будзем не пушчаць!”


Аляксандр Ластоўскі не сумняваецца ў тым, што міліцыя адолее вувузелы. Па яго словах, толькі аднойчы ― на матч Беларусь ― Украіна ― заўзятары здолелі пранесці на стадыён “Дынама” забароненыя рэчы. А менавіта ― чатыры “фаеры”:

“Для нас гэта сапраўды была надзвычайная сітуацыя. Але мы спрацавалі вельмі аператыўна і людзей, якія пранеслі “фаеры”, затрымалі ўжо на выхадзе са стадыёна. Для іх гэта быў вялікі шок: пасля я чытаў на форумах: “Нічога сабе! Беларускія копы як спрацавалі, як яны здолелі нас знайсці?!” Ніводная паліцыя свету бы так не спрацавала!”

Нагадаем, пад эгідай UEFA цяпер выступае зборная і барысаўскі БАТЭ, які прабіўся ў групавую стадыю Лігі Еўропы. Першы матч, на які беларускім заўзятарам нельга будзе прыносіць вувузелы, ― гульня Беларусь ― Румынія, што адбудзецца на стадыёне “Дынама” 7 верасня.

Адзначым, што забарона УЕФА не датычыцца чэмпіянату Беларусі, на гульні якога па-ранейшаму можна прыходзіць з любымі “дудзелкамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі