На саміце "Ўсходняга партнёрства" будуць размаўляць пра Беларусь
На будучым саміце краін-удзельніц ініцыятывы Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства" ў цэнтры ўвагі будуць пытанні дэмакратыі.
Як заявіў 23 лютага старшыня Еўрапейскай рады Херман Ван Рампэй, "асноўная ўвага будзе надавацца такім стратэгічным пытанням, як дэмакратыя, добрае кіраванне і прагрэс у некаторых невырашаных канфліктах".
Ён падкрэсліў, што абавязкі па забеспячэнні дэмакратыі, перавазе закона і правоў чалавека не павінны быць забытыя. У гэтым кантэксце Ван Рампэй нагадаў пра сітуацыю ў Беларусі, адносна якой Еўрасавет выказаў сваю асаблівую заклапочанасць некалькі тыдняў таму.
"Усходняе партнёрства" дасць нам найлепшы інструмент для ўмацавання нашага супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю. У той жа час мы зможам захаваць нашу палітыку ўмоўнага ўзаемадзеяння з урадам", - адзначыў кіраўнік Еўрапейскай рады.
Саміт "Усходняга партнёрства" пройдзе восенню 2011 года ў Варшаве, нагадвае ІА REGNUM.