Надзея Астапчук: “Складана. Шанец вярнуць медаль невялікі, але ёсць”

Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі цяжкай атлетыкі Аляксандр Курловіч назіраў за тым, як штурхае штангу Настасся Новікава. І лічыць, што яе заключную спробу трэба было залічваць. Аднак пры гэтым штуршок спартсменкі спецыяліст лічыць небездакорным.

Аляксандр Курловіч: “Было за што зачапіцца, вось і зачапіліся. Трэба падчысціць гэты штуршок. У нас жа дзяўчынкі беларускія выступалі потым. Заваявалі медалі”.


Еўрарадыё: Цяпер на кожных спаборніцтвах з беларусамі могуць здарацца падобныя сюрпрызы?

Аляксандр Курловіч: “Насамрэч так, як Новікава, штурхаюць адзінкі. Своеасаблівы штуршок, вось і ўсё. Падобная тэхніка таксама ў Ільіна, які перамог у катэгорыі 94 кг. І хоць яму суддзі спробы залічвалі, у журы ўвесь час былі тры чырвоныя сігналы”.

Еўрарадыё: Можа быць, беларуская дэлегацыя несвоечасова падала апеляцыю? Ці здаралася калі-небудзь у вашай практыцы, каб рашэнне суддзяў і журы адмянялі пасля падачы пратэсту?

Аляксандр Курловіч: “Цягам больш як 10 гадоў, якія я суджу, не было задаволеных апеляцый. Ёсць тры суддзі, якія прымаюць рашэнні. У гэты ж час свае пімпачкі, чырвоныя ці белыя, націскаюць пяць сябраў журы. І вось гэтае журы з’яўляецца апошняй інстанцыяй.

Але тым не менш у выпадку з Новікавай усё было зроблена аператыўна. Ад НАКу, ад нашай Федэрацыі ў пісьмовай форме мы заявілі пратэст. І атрымалі культурны адказ: правілы ёсць правілы, вось і ўсё.

Магу сказаць, што Новікавай не пашанцавала, а ўкраінцы, якая ўзяла бронзу, пашанцавала”.

Баксёр Сяргей Карнееў у двух апошніх раўндах чвэрцьфінала ўшчэнт разбіў свайго азербайджанскага апанента. Але перамогу аддалі каўказцу. Можа быць, своечасовы і граматны пратэст мог бы аднавіць справядлівасць?

“Своечасова быў пададзены пратэст. На гэту працэдуру даецца паўгадзіны, мы падалі пратэст на 23-й хвіліне”, — узгадвае Канстанцін Маханькоў, трэнер Карнеева.

Прэтэнзій да алімпійскай дэлегацыі трэнер не выказвае. Хутчэй яго турбуе будучыня баксёра, якая пасля лонданскай Алімпіяды застаецца нявызначанай.

Канстанцін Маханькоў: “Мы думаем, дзе будзем далей. Ёсць шмат кантрактаў, якія Сяргею прапаноўваюцца. Мы разглядаем, але пакуль не ведаем, куды пайсці.

Пятае месца на Алімпійскіх гульнях — гэта прызавое месца для атрымання прэзідэнцкай стыпендыі. Але пакуль нашы чыноўнікі нешта тармозяць працэс. Калі будуць прапанаваны належныя ўмовы для падрыхтоўкі, то мы будзем разглядаць магчымасць удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016-га года”.


Адабраны ў Надзеі Астапчук алімпійскі медаль — найбольшае беларускае расчараванне лонданскіх Гульняў.

Чаму за спартсменкай так бескампрамісна палявалі допінг-паліцэйскія? З сярэдзіны жніўня, калі Міжнародны алімпійскі камітэт дыскваліфікаваў Надзею, прайшло нямала часу. Пытаемся ў спартсменкі, ці з’явіліся нейкія навіны.

Надзея Астапчук: “Юрысты працуюць, пакуль рыхтуюцца дакументы. У верасні чысла 20-га нешта будзе вядома. А пакуль нічога няма”.


Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва працягнула тэрмін расследавання па справе Астапчук. Але ніякіх падрабязнасцяў не паведамляецца. Сама ж Надзея так ацэньвае свае шанцы вярнуць алімпійскае золата:

“Вельмі складана. Працэнт невялікі, але ўсё ж такі ёсць. Мне складана ў гэта паверыць, але людзі кажуць, што можна паспрабаваць нешта зрабіць. Я не ведаю”.


Еўрарадыё: Калі допінг вам падсыпалі, дзе гэта магло здарыцца? Няўжо на падрыхтоўчых зборах?

Надзея Астапчук: “Я не магу вам з упэўненасцю сказаць, а абвінавачваць кагосьці ў чымсьці мне не хочацца. У “Раўбічах” да мяне цудоўна ўсе ставіліся, па-сямейнаму ўсё было зроблена. Таму я нават думаць не хачу, што там нешта магло быць. Я не ведаю…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі