Невядомыя закрылі на ланцуг уваход у амбасаду Беларусі ў Варшаве (фота)
Такім жартаўлівым чынам беларусы, якія жывуць у Польшчы, выказалі салідарнасць з палітвязнямі і запатрабавалі іх вызвалення.
Удзень 16 лютага незвычайная акцыя прайшла ля амбасады Беларусі ў Варшаве. Невядомыя накінулі на ўваходную браму амбасады ланцуг з замком, такім чынам паралізаваўшы яе працу.
"Гэтая акцыя выглядала жывейшай і цікавейшай за іншыя, якія праводзяць беларусы ў Варшаве, — распавёў Еўрарадыё сведка падзеі. — Звычайна людзі проста выходзяць на вуліцу, трымаючы ў руках партрэты, і гэта выглядае даволі сумна. А тут відавочны творчы падыход".
Каля 14:25 Еўрарадыё датэлефанавалася да прэс-сакратара беларускай амбасады ў Варшаве. "Сапраўды, прыкладна ў 11:45 двое невядомых у масках накінулі ланцуг на брамку амбасады. Паліцыю мы выклікалі адразу", — распавёў ён і дадаў, што не ведае, ці паспела паліцыя расчапіць замок і вызваліць супрацоўнікаў амбасады з неспадзяванага зняволення.