Чыноўнікаў у Беларусі хопіць амаль на тры арміі
У якасці эксперыменту з Саўміна звольняць 20%. А заробкі — падвысяць! Пасля Савета Міністраў эксперымент распаўсюдзяць і на астатніх беларускіх чыноўнікаў.
Такое рашэнне прынята пастановай Саўміна ад 30 снежня 2011 года. У ім гаворыцца, што бюджэт на ўтрыманне ўрада скарачаць не будуць. Адпаведна, тым чыноўнікам, што застануцца, падвысяць заробкі і прэміі.
Колькі чалавек цяпер працуе ў апараце Саўміна, яго прэс-сакратар Вольга Доўгая пакуль не ведае, бо сама тут усяго трэцці дзень… А агульная колькасць дзяржслужачых у Беларусі апошні раз вымяралася толькі ў 2009 годзе.
“За два гады яна не змянілася”, — запэўнівае Еўрарадыё кіраўнік упраўлення статыстыкі працы Белстата Аляксей Тарасенка. А, магчыма, нават знізілася…
Белстат: “У нас ёсць толькі дадзеныя за 2009 год. Але яна дастаткова стабільная. Рэч у тым, што колькасць дзяржаўных служачых даведзеная да кожнага дзяржаўнага органа, гэтыя нормы не змяняліся з 2009 года. Калі і былі змены, то ў бок змяншэння”.
Як высветліла Еўрарадыё, да 2009 года колькасць дзяржслужачых у Беларусі з году ў год павялічвалася! Прырост чыноўнікаў складаў 150 і больш чалавек.
Дзяржапарат Беларусі ў 2003-2009 гадах |
||||
2003 |
2005 |
2007 |
2009 |
|
Агульная колькасць дзяржаўных служачых* |
52 709 |
52 976 |
53 464 |
53 703 |
Колькасць дзяржслужачых са стажам больш за 20 гадоў |
7 063 |
8 106 |
8 980 |
9 390 |
*Без уліку сілавых структур |
Агульная колькасць занятых у органах дзяржаўнага кіравання ў 2011 годзе — 168,5 тысяч чалавек.
“Гэта даволі шырокі панятак, сюды ўключаюцца ўсе ўзроўні, пачынаючы з пасялковага камітэта і заканчваючы рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання. Гэта не толькі цэнтральны апарат, а ўсё звяно выканаўчай улады, пачынаючы з самага ніжняга звяна”, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксей Тарасенка.
Гэта 3,5 % ад агульнай колькасці занятых па краіне. 38,4% з іх у 2010 годзе зараблялі ад 1,5 да 2 мільёнаў. А сярэдні заробак склаў усяго… 1,5 мільёна рублёў. Цяпер жа заробкі, мяркуючы па ўсім, узрастуць.
У пастанове, акрамя таго, каб падвысіць заробкі тым, хто застанецца, абяцаюць уладкаваць на іншыя працы і тых, каму пашчасціць менш…