"Палац" запісаў гімн для мінскага "Дынама"

Гурт "Палац" запісаў беларускамоўны гімн для хакейнага клуба "Дынама-Мінск". Як распавёў Еўрарадыё лідар калектыву Алег Хаменка, напісаць галоўную песню каманды яму прапанавалі прадстаўнікі клуба.

Алег Хаменка: "У першую чаргу, вядома, мы адслухалі ўсе гімны Кантынентальнай Хакейнай Лігі. Практычна ўсе яны на нацыянальных мовах. І было прынятае рашэнне, што гімн будзе на беларускай мове і мелодыка разам з традыцыйнымі беларускімі інструментамі таксама будуць прысутнічаць у аранжыроўцы".

Таксама Алег адзначыў, што тэкст адноўленага гімна "Дынама-Мінск" напісаў Алесь Камоцкі.

Алег Хаменка: "Крыху я там штосьці спрашчаў, ці дадаваў, але тэкст Алеся Камоцкага. Ён таксама вельмі добра паставіўся да таго, што такая рэч можа быць. Тым больш, што дагэтуль творы вялікіх спартыўных клубаў гучалі на рускай мове".

Пакуль музыка і тэкст трымаюцца ў сакрэце. Але каб дадаць цікавасці ў аматараў "Дынама" Алег зачытаў некалькі радкоў з новага гімна:

Бела-сіні наш сцяг
Гонар клубу за ім.
Мы ні дома, ні ў гасцях
Перамогі не аддадзім

Дынама –
Безліч дарог,
Дынама –
Да перамог!


Адзначым, што ў панядзелак 6 верасня на “Мінск-Арэне” адбудзецца прэзентацыя новага іміджу мінскага "Дынама". Пачатак мерапрыемства ў 19.00. Уваход вольны. Прэзентуюць свой гімн музыкі Палаца ў самым пачатку цырымоніі. Выступ будзе аздоблены піратэхнічным і светлавым шоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі