Палякі забаранілі беларусам балець пад бела-чырвона-белымі сцягамі (фота)

Увечары 25 чэрвеня група беларускіх заўзятараў была выдаленая з матчу Беларусь-Літва на жаночым Чэмпіянаце Еўропы па баскетболе  у польскім горадзе Быдгашч. Прычынай выдалення беларусаў стала іх адмова згарнуць бел-чырвона-белыя сцягі.


За 30 хвілін да пачатку матча беларусы разгарнулі на трыбуне вялікі бела-чырвона-белы сцяг. Спачатку да заўзятараў падышла прадстаўніца арганізатараў чэмпіяната з Германіі Ванэса Ройтэр. Яна пачала казаць, што балець беларусы могуць толькі пад афіцыйным чырвона-зялёным сцягам. Калі ж заўзятары адмовіліся здымаць сцяг, гэта зрабіла сама Ройтэр.


У другім тайме матча беларусы трымалі ў руках невялікія бела-чырвона-белыя сцягі. У выніку да заўзятараў увесь другі тайм падыходзілі то ахоўнікі, то арганізатары і прасілі прыбраць сцягі.


Польскія гледачы былі здзіўленыя і абураныя паводзінамі аховы. Падтрымаць беларусаў прыйшоў нават літоўскі заўзятар разам са сваім нацыянальным сцягам.


Дачакаўшыся перапынку, калі тэлевізійныя камеры не працуюць, арганізатары пачалі дзейнічаць. Да трох беларусаў са сцягамі прыбегла каля 7 ахоўнікаў, якія пачалі збіраць сцягі і выправаджваць заўзятараў.  Адзін з беларусаў адмовіўся ісці і ўхапіўся рукамі за агароджу. У выніку яму заламалі за спінай рукі і проста вынеслі з залы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі