Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі

Дэпутуты Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы падтрымалі распрацаваны Палітычным камітэтам варыянт рэзалюцыі па Беларусі. "За" прагаласавалі 111 з прысутных дэпутатаў ПАСЕ, "супраць" — толькі 10, устрымаліся 6 дэпутатаў.

Дакумент "цалкам падтрымлівае мэтавыя санкцыі ЕС, якія мусяць быць узмоцнены, і заклікае краіны Савета Еўропы далучыцца да іх, пакуль не вызваляць і не рэабілітуюць усіх палітычных зняволеных і не скончацца рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў". Апрача таго, падтрыманая і рэкамендацыя ПАСЕ да Камітэту Міністраў, кіроўнага органа Савета Еўропы, каб той выступіў з такім заклікам да ўсіх удзельнікаў арганізацыі.

Нагадаем, што ў Савет Еўропы ўваходзяць усе краіны нашага кантынента (апрача Беларусі, Ватыкана і Косава), уключна з Расіяй, Украінай ды Турцыяй.

Паводле рэзалюцыі, ПАСЕ глыбока занепакоены ўсё горшай сітуацыяй з правамі чалавека, палітычнымі і грамадзянскімі свабодамі ў Беларусі, асуджае рэпрэсіі і ціск супраць нязгодных.

Рэзалюцыя змяшчае заклік да краін ЕС захаваць санкцыі да Беларусі, "у асаблівасці ў дачыненні да дзяржаўных прадпрыемтсваў, звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі высокімі чыноўнікамі", і працягнуць падтрымку незалежных няўрадавых арганізацый.

Рэзалюцыя прапануе ПАСЕ павялічыць сваё супрацоўніцтва з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, незалежнымі СМІ, палітычнай апазіцыяй і незалежнымі прафсаюзамі. А таксама пастанаўляе пакінуць кантакты на высокім узроўні з беларускімі ўладамі замарожанымі. Без зменаў і пазіцыя па статусу спецыяльнага запрошанага для Беларусі: ён застаецца ўвязаным да мараторыя на смяротнае пакарання і прагрэса ў сферы дэмакратыі.

Фота: assembly.coe.int

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі