Арцыбашава арыштавалі на 10 сутак, Віняцкага — на 7, Вінаградава — на 12
У Фрунзенскім судзе сталіцы ў сераду прайшлі суды над актывістамі "Zмены".
Нагадаем, у аўторак моладзевае крыло кампаніі "Гавары праўду!" праводзіла пікет каля ўніверсама "Фрунзенскі" ў акрузе, у якой апазіцыйныя партыі і арганізацыі ладзяць байкот. Актывісты раздавалі боршч з намёкам на вядомае выказванне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Раптоўна пад'ехаў мікрааўтобус, з якога выбеглі людзі ў цывільным. Яны затрымалі Паўла Вінаградава, Аляксандра Арцыбашава, Ягора Віняцкага і Ганну Курловіч. Затрыманых журналістаў праз дзве гадзіны адпусцілі. Пры гэтым быў збіты фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц.
Увечары стала вядома, што затрыманых актывістаў 18 верасня не выпусцілі. Ноч яны правялі за кратамі.
Усіх актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Ганну Курловіч пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь — 2 млн рублёў, інфармуюць праваабаронцы. Аляксандру Арцыбашаву прысудзілі 10 сутак арышту, Ягору Віняцкаму — 7 сутак.
Найбольшае пакаранне атрымаў Павел Вінаградаў — 12 сутак. Яго судзілі адразу па двух артыкулах — за брыдкаслоўе з ужываннем мегафона і ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве. Прысуд — 5 і 7 сутак, адпаведна.
Фота — spring96.org, svaboda.org
Фатограф: У мяне фінгал пад вокам і кроў на твары засталася
Галоўны “брыдкаслоў” краіны Павел Вінаградаў: 6 затрыманняў з пачатку года