Польскай турыстцы працягнулі забарону на выезд з Беларусі
Прычынай называюць тое, што ў Тэрэсы Стшэлец ёсць запазычанасці перад беларускім бюджэтам.
Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі Беларусі, які два тыдні таму ануляваў візу грамадзянкі Польшчы Тэрэсы Стшэлец і забараніў выезд з нашай краіны, па-ранейшаму адмаўляе ёй ў праве на вяртанне на радзіму. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік Дэпартамента Аляксей Бягун.
“Мытня не выпускае яе пакуль — яны лічаць, што ў яе ёсць запазычанасць”.
Нагадаем, грамадзянка Польшчы прыехала ў Беларусь на ўласным аўтамабілі. І пакінула яго для рамонту беларускаму аўтамеханіку, не папярэдзіўшы пра гэта, як патрабуе заканадаўства, мытныя органы. У выніку машыну Тэрэсы Стшэлец канфіскавалі, а з яе патрабуюць сплаціць мыту ў памеры 7120 долараў. Жанчына плаціць адмовілася, у яе анулявалі візу і вось ужо два тыдні не дазваляюць вярнуцца на радзіму.