Польскія памежнікі — раварыстам: "Прапусцім, але толькі адзін раз"

14 кастрычніка велаактывісты на практыцы праверылі, ці можна патрапіць ў Польшчу на двух колах. Месцам пераезду быў абраны пункт пропуску "Варшаўскі мост", які быў заўсёды зачынены для падарожнікаў на ровары.

Нагадаем, што адмыслова для беларуска-польскага велапрабегу актывісты падавалі запыты ў памежныя камітэты абодвух краінаў. Згодна з унутранай інструкцыяй  і польскіх, і беларускіх  памежнікаў, “праезд праз “Варшаўскі мост” на ровары не забараняецца”.

Як паведаміў Еўрарадыё каардынатар кампаніі "За Вела-Брэст!" Уладзімір Красько, цяжкасцяў з беларускімі памежнікамі не ўзнікла. Родную мытню яны прайшлі ўсяго за 15 хвілін. Памежнікі нават выдалі транспартныя талоны з пазнакаю "Ровар". Аднак працэдура афармлення ў польскіх памежных службах зацягнулася амаль на гадзіну. Пасля яе завяршэння велаактывістам паведамілі, што дазвол ад памежнага камітэту Польшчы
з'яўляецца аднаразовым.

Красько: "Як нам патлумачылі польскія памежнікі, памежны пераход не абсталяваны для пераезду на ровары. Таму прапускаць могуць толькі па спецыяльным дазволе, які трэба загадзя атрымаць. Нашы далейшыя планы, паколькі з беларускім бокам пытанняў не было, займацца пошукам законнага шляху і метаду пераезду мяжы на ровары менавіта з польскага боку. Мы збіраемся падлучаць для гэтага і польскія велаклубы, і звычайных грамадзян Польшчы".

Нагадаем, што ў ліпені актывісты кампаніі "За Вела-Брэст!" падалі заявы ў памежныя камітэты Беларусі і Польшчы. Мэта зварота — даведацца пра нарматыўны парадак пераезду мяжы на ровары і дзе гэта ўвогуле можна зрабіць. Разам з заявай былі перададзеныя подпісы. За магчымасць абмінуць шматгадзінныя аўтамабільныя чэргі ў Польшчу падпісаліся звыш паўсотні брэстаўчан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі