Прадставіць Беларусь на Еўрабачанні жадаюць каля 60 выканаўцаў
Сярод іх — мінулыя паўфіналісты адбору і гурт... N.R.M., але гэта не канчатковыя лічбы.
22 кастрычніка скончыўся дзень падачы заявак на Нацыянальны адбор на конкурс Еўрабачанне 2012. Як і прадракалі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, менавіта на апошні дзень і прыпала асноўная колькасць заявак на ўдзел.
"У нас вельмі шмат учора ў кампаніі назіралася і прадзюсераў і артыстаў, — з усмешкай узгадвае кіраўнік прэс-службы Святлана Смалонская-Краскоўская. — Таму, народная забава ўскочыць у апошні вагон была паказаная ў дзеянні. Але будуць яшчэ разгледжаныя тыя заяўкі, якія нам дойдуць па пошце, і будуць датаваныя 22-м кастрычніка".
Для параўнання, у панядзелак увечары называлася лічба ў 40 выканаўцаў, якія падалі заяўкі, а сёння ўжо каля 60-ці. Вядома што гурт N.R.M. таксама вырашыў прадставіць Беларусь на Еўрабачанні 2012 і таксама ў апошні дзень пра гэта паведаміў. Белтэлерадыёкампанія пра рокераў даведалася з сацыяльных сетак, але самой заяўкі пакуль не атрымала. Імёны астатніх жадаючых пакарыць еўрапейскі песенны конкурс пакуль не называюцца. Вядома толькі, што там ёсць і маладыя, і знакамітыя артысты, ёсць, нават, паўфіналісты адбору мінулага году ды ахвочыя з Францыі і Грэцыі.
Да 31 кастрычніка журы назаве не больш за 15 удзельнікаў паўфіналу, які запланаваны на 16 лістапада. Праўда, у палажэнні беларускага адбору на "Еўрабачанне" прапісана, што калі журы не знойдзе вартых выканаўцаў, магчыма правядзенне толькі фіналу 7 снежня.