Расійскія вытворцы заявілі, што ім пагражаюць танныя прадукты з Беларусі
Нацыянальны саюз вытворцаў малака накіраваў адкрыты ліст міністрам сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі.
У ім змешчана просьба неадкладна пачаць шукаць механізмы рэгулявання ўзаемадзеяння "дзвюх абсалютна розных па прынцыпах гаспадарання малочных індустрый". Найперш прапануецца да канца 2012 года выключыць пазіцыю сухога неразведзенага малака і сухой малочнай сыроваткі з пераліку малочных прадуктаў, якія пастаўляюцца беларускімі прадпрыемствамі ў Расію. Ва ўмовах агульнага рынку Мытнага саюза беларускае сырое таварнае малако таннейшае на 4-5 расійскіх рублёў. Расійскія вытворцы абяцаюць, што здольныя самастойна забяспечыць сваю краіну гэтай прадукцыяй, паведамляе РІА "Новости".
Нацыянальны саюз вытворцаў малака адзначае, што расійскія прадпрыемствы не могуць канкураваць з беларускімі прапановамі і церпяць страты. У адкрытым лісце звяртаецца ўвага на тое, што гэтая сітуацыя можа прывесці да рэзкага падзення закупачных цэнаў на сырое малако ў Расіі.
Таксама расійскія вытворцы заклікаюць да дакладнага выканання балансу гандлю малочнымі прадуктамі, які штогод падпісваецца міністэрствамі сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі.
Фота — bymedia.net