Расійскі неанацыст Марцінкевіч: Бойка ў Мінску была інсцэніроўкай (відэа)
Па яго словах, гэта была рэкламная кампанія для мінскай клінікі, на парозе якой і адбылося сутыкненне.
Пра гэта экстрэміст Максім Марцінкевіч па мянушцы Цясак прызнаўся ў інтэрв'ю аднаму з расійскіх інтэрнэт-парталаў, перадае interfax.by. Марцінкевіч заявіў, што была падпісаная дамова, што яго аперацыя будзе здымацца на відэа і трапіць у сацыяльныя сеткі. "Мы трохі развілі сітуацыю і інсцэніравалі напад антыфашыстаў на парозе клінікі", — кажа Цясак.
Па яго словах, дзякуючы бойцы, панажоўшчыне, страляніне і наступнаму затрыманню Цесака ў СМІ з'явілася "велізарная колькасць публікацый пра затрыманне на парозе менавіта гэтай клінікі. Рэкламнай кампаніяй для клінікі нібыта займалася створанае Марцінкевічам digital-агенцтва "Фармат Медыя".
Нагадаем, што 14 лютага расіяніна затрымалі як падазраванага ў рамках крымінальнай справы па злосным хуліганстве. На парозе адной з клінік у Мінску адбылася бойка паміж яго паплечнікамі і мінскімі антыфашыстамі. Пры гэтым была ўжытая траўматычная зброя.
24 лютага Марцінкевіча адпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання пад падпіску аб яўцы. Ён з'ехаў у Расію.
Фота — russia.ru