“Рок-каранацыя” у Маладзечне: свята пакрадзенае (фота)
Хто і як ператварыў галоўную беларускую рок-прэмію ў не вельмі ўдалы правінцыйны фэст?
Глядзіце фота Еўрарадыё з "Рок-каранацыі 2011" і чытайце нашую спробу асэнсаваць гэты канцэрт, які адбыўся ў Маладзечне 31 сакавіка. Неўзабаве мы дададзім відэа і аўдыязапісы.
Рэдактар Ultra-music.com абвяшчае пераможцу ў намінацыі "Прарыў года"
Akute выступілі "так, як звычайна"
Неўзабаве Akute выкладуць у інтэрнэт свой новы "своечасовы" альбом "Не існуе"
Павел Кашырын карануе рок-князёўну Зою Сахончык
Карону Алесю Таболічу (Znich) у намінацыі "Традыцыі і сучаснасць" уручае журналіст Зміцер Падбярэзскі
Праз адсутнасць Drum Ecstasy гурт Znich зайграў паўнавартасны сэт з 6 песень...
...пад якія гледачы паўздымаліся з крэслаў.
Падзея году — фэст "Камяніца"
Павел Свярдлоў атрымаў малую і вялікую рок-кароны за Аляксандра Памідорава (песня года — дым; гурт года — Pomidor/Off)
Уладзімір Пугач атрымаў рок-карону, але і мінералку з рук не выпусціў
Выпадковы глыток піва з вялікай рок-кароны
Дзве рок-кароны ў руках журналіста Еўрарадыё!
Уладзімір Пугач выклаўся перад гледачамі на 100%
“Рок-каранацыю” час ізноў (каторы раз?) залічаць у памерлыя. У пафаснай залі маладзечанскага Палаца культуры пустой застаецца палова крэслаў, а на паркоўцы амаль няма аўтамабіляў з мінскімі нумарамі. Чаму канцэрт, які 18 гадоў быў галоўнай рок-падзеяй года, сёлета не выклікае цікавасці гледачоў?
Прычыны заняпаду “Рок-каранацыі” больш складаныя, чым папросту дрэннае надвор’е 31 сакавіка, няўдалая праца арганізатараў ці публічнае байкатаванне цырымоніі некаторымі музыкамі. Сыходзіць у гісторыю такая сацыяльная з’ява, як беларускі рок. Разам з ім губляе актуальнасць і прэмія.
У сярэдзіне 2000-х на “Рок-каранацыю” перасталі прыязджаць здымачныя групы дзяржаўных тэлеканалаў. Тады ніхто не звяртаў на гэта ўвагі. Галоўныя героі цырымоніі размеркаваліся па “чорных спісах”, а прэмія працягвала быць вялікім святам для нефармальнай тусоўкі.
Але тое, што для якога-небудзь шараговага фэста прайшло б незаўважным, па “Рок-каранацыі” ударыла вельмі балюча. Пазбаўленая публічнасці, яна пачала задыхацца і мяльчэць. Год ад года яе выратоўвалі імёны пераможцаў. Тры гады таму на “ляпісаў” у Маладзечна прыехала палова Мінска. У залю было не ўбіцца. А сёлета…
Сёлета нарэшце каранавалі Уладзіміра Пугача, які 6 гадоў таму не выйшаў за галоўнай рок-каронай праз тое, што ў залі сядзеў кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. J:Mopc — лепшы поп-рок гурт. У снежні хлопцы сабралі 5-тысячны Палац спорту. Але завабіць 800 гледачоў на “Рок-каранацыю” не здолелі.
Не толькі гледачам надвор’е перашкодзіла дабрацца да Маладзечна. Недзе на трасе зламалася машына, у якой на “Рок-каранацыю” спяшаліся Drum Ecstasy. Таму замест Філа Чмыра рок-карону за адданасць жанру і ўнёсак у развіццё беларускай альтэрнатыўнай музыкі атрымаў былы ўдзельнік DE Аляксандр Гарох, які зараз грае ў Znich.
Праз адсутнасць Drum Ecstasy пасярод канцэрта ўтварыўся антракт амаль у гадзіну даўжынёй. Іншы “драмер” Зміцер Харытановіч мусіў атрымаць узнагароды ад імя гурта Pomidor/Off. Аляксандр Памідораў напярэдадні рэзка зкрытыкаваў сёлетнюю “Рок-каранацыю”, а замест Маладзечна з’ехаў на сольны канцэрт у Санкт-Пецярбург. У выніку па рок-карону за песню “Дым” і па галоўную рок-карону замест Памідорава выйшаў журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў:
“Думаю, што я адзіны чалавек, каму не шкада, што Аляксандра Памідорава сёння няма з намі”, — усведамляючы абсурднасць сітуацыі, адкаментаваў са сцэны Павел.
Еўрарадыё пакаштавала тое, што налілі ў свае рок-кароны нешматлікія пераможцы цырымоніі, якія даехалі да Маладзечна. Akute для гэтых мэтаў абралі каньяк, ZM99 — піва. Алесю Таболічу рок-князёўна Зоя Сахончык наліла ў рок-карону гарэлкі, пасля чаго музыкі адразу ж выпілі на брудэршафт. “Рок-каранацыя” — гэта як аргазм!” — радасна прызналася Зоя. ZM99 чакалі рок-карону больш за дзесяцігоддзе, таксама, як і Znich. І, нарэшце, дачакаліся.
Упадабалі канцэрт і гледачы. Але мы з’язджалі з Маладзечна з сумнымі думкамі.
“Рок-каранацыя” памерла, а мы яшчэ не.