Улады не дазволілі салігорцам спытаць “Як нам жыць далей?” і “Што рабіць?”

Еўрарадыё: Пад якімі лозунгамі мусілі праходзіць мітынгі ў Салігорску?


Шыла: “Я замаўляў два мітынгі: першы на суботу, 11 чэрвеня, які павінны быў прайсці пад дэвізам “Як нам жыць далей?” і другі, у нядзелю, пад лозунгам “Што рабіць?” 


Еўрарадыё: На якой падставе вы атрымалі адмову на правядзенне мітынгаў? Як яе аргументавалі чыноўнікі?


Шыла: “Тое, што яны напісалі, не мае значэння. Іхняя пазіцыя зразумелая, а слоўнікавы запас вельмі малы, яны ведаюць толькі слова “не”. Яны напісалі, што ім незразумелы фармат мерапрыемства”.


Еўрарадыё: Што вы мелі на ўвазе пад назвай “Як жыць далей?”


Шыла: “Я проста напісаў, што прашу дазвол на правядзенне мітынга пад назвай “Як нам жыць далей?” А пазіцыя чыноўнікаў пакуль што вельмі маналітная, яны вераць, што сцяна ўлады выстаіць”.


Еўрарадыё: Вы спадзяваліся, што на гэтыя мітынгі выйдуць не толькі прадстаўнікі апазіцыйных сілаў?


Шыла: “Канечне, спадзяваўся. Натуральна, што падвышэнне цэнаў абурае людзей. Яны разумеюць, што становяцца ўсё больш беднымі. У нас было адчуванне, што нічым добрым гэтыя выбары ня скончацца, але такога абвалу, мабыць, не чакаў ніхто”.


Еўрарадыё: Вы спадзяецеся дамагчыся ад уладаў дазволу на правядзенне гэтых мітынгаў ці будзеце праводзіць іх без дазволу?


Шыла: “Лепш за ўсё праводзіць іх без дазволу. Мы маем канстытуцыйнае права на дэманстрацыю сваіх поглядаў, і калі ўлада нахабна адмаўляе ў правядзенні мітынгаў, яна парушае нашыя канстытуцыйныя правы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі