Статкевіч: "Гэты шлях на волю для мяне непрымальны"
Палітвязень у лісце да сваёй жонкі патлумачыў, чаму не падпісвае прашэнне аб памілаванні.
Мікола Статкевіч піша, што такім чынам выйсці на волю ён не можа. "Я не здольны здрадзіць сабе, не здольны прынізіць тых людзей, якія збіралі подпісы за мяне, ставілі подпісы за маё вылучэнне, галасавалі за мяне, выйшлі па маім закліку на Плошчу", — цытуе ліст экс-кандыдата ў прэзідэнта Радыё Свабода.
Нагадаем, Мікола Статкевіч летась быў асуджаны па "справе Плошчы 19 снежня 2010-га" да 6 гадоў зняволення. У студзені над ім адбыўся чарговы суд, які прызнаў Статкевіча "злосным парушальнікам рэжыму", які "не стаў на шлях выпраўлення". Са шклоўскай калоніі яго перавялі ў магілёўскую турму.
Пасля вызвалення палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, якія напісалі прашэнні аб памілаванні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тыя, хто не напіша прашэнні, "будуць сядзець". Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, у зняволенні застаецца 14 палітвязняў і вязняў сумлення.
Фота — bymedia.net