Стрыптызёркам падчас ЕЎРА-2012 прапануюць 865 долараў заробку за ноч

120606 Eurafokus.mp3

Вроцлаўскі клуб go-go, які шукае танцорак на заробак 3 тысячы злотых (каля 865 долараў) за ноч, гатовы прыняць на працу... 50 дзяўчын адразу. Таму што там чэмпіянат Еўропы па футболе!

“Мы адназначна заўважылі: у цэнтры Кіева, асабліва вакол стадыёна “Алімпійскі”, з’явілася вялікая колькасць новых бардэляў. Нават частка старых бардэляў закрылася, відаць, дзеля нейкай міліцэйскай статыстыкі, маўляў, вядзецца барацьба з прастытуцыяй. Затое адкрыліся новыя бардэлі, ці як модна зараз называць —“мужчынскія клубы”, — распавядае Еўрарадыё актывістка ўкраінскага руху Femen Аляксандра Шаўчэнка.

Femen збірае маленькую інтэрнацыянальную армію, якой будзе змагацца за правы жанчын падчас і пасля ЕЎРА-2012. Аляксандра Шаўчэнка заклікае далучацца да барацьбы і беларускіх дзяўчын.

Аляксандра Шаўчэнка: “Да нас, ва Украіну, у наш пакуль маленькі трэніровачны цэнтр едуць актывісткі з розных краін Еўропы, і нават з Бразіліі. Актывісткі з Беларусі, на жаль, не прыязджалі. Таму мы запрашаем іх, бо не па чутках ведаем, якая палітычная сітуацыя ў Беларусі. Дзяўчыны, якія сябе адчуваюць Femen, — прыязджайце ва Украіну, пачнем дзейнічаць у больш лёгкіх умовах”.

Яана Гарнер з польскага фонду La strada па дапамозе жанчынам, якіх прыцягнулі да прастытуцыі, кажа, што гэта хутчэй звязана з летнім сезонам, а не з чэмпіянатам Еўропы. І спасылаецца на досвед гаспадароў першынство Еўропы па футболе 2008 года — Аўстрыі і Швейцарыі.

Яана Гарнер: “У Аўстрыі і Швейцарыі, дзе быў чэмпіянат Еўропы па футболе 4 гады таму, кажуць, што не было павелічэння прастытуцыі. Затое больш востра адчуваліся праблемы з бяздомнымі дзецьмі, якіх прывозілі з Румыніі, Малдовы. І іх прымушалі прасіць міласціну і займацца дробнымі крадзяжамі”.

Карэспандэнтка Еўрарадыё паспрабавала ўладкавацца на працу ў адно з эскорт-агенцтваў Варшавы, прадставіўшыся дзяўчынай з Беларусі. Тут шукаюць новых супрацоўніц не толькі на час ЕЎРА-2012, але ўвогуле.

Эскорт-агенцтва: “Тое, што вы з Беларусі, абсалютна не перашкаджае. Што да кваліфікацыяў, у нас таксама няма ніякіх патрабаванняў. Калі вам спадабаецца, можаце ў нас і даўжэй застацца, а калі не, то заўсёды можна ўстаць і выйсці”.

У іншым варшаўскім агенцтве карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі правесці час з дзяўчынай. Гэта будзе каштаваць 200 злотых (амаль 60 $) за першую гадзіну і 150 (43$) — за астатнія.

Эскорт-агенцтва: “Было танней, але 2 тыдні як падаражэла. Раней было 100-150 злотых за гадзіну. Прыходзіце, дзяжурная дзяўчына праводзіць вас ў салон, выбіраеце дзяўчын, якія вам спадабаліся. Працуем круглыя суткі”.

Фота: shownews.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі