Суддзя: Арышт да 15 сутак па адміністрацыйнай справе – выключная мера

120625 Luka6uk Maty.mp3

“Мацюкі – яны і ёсць мацюкі! Не мае значэння, якія ён сказаў мацюкі – проста падысці, папярэдзіць і ўсё”, – сяржант міліцыі на Прывакзальнай плошчы Мінска прызнаецца – каб вызначыць мацюкі, яму слоўнік не патрэбны.

Калі на папярэджанне не рэагуе ці да міліцыянта падыходзяць людзі і скардзяцца, што той самы мацюкаецца зноў – пратакол і найчасцей... штраф.

Сяржант: “Гэта лічыцца дробным хуліганствам. Прысячэнне – штраф, адміністрацыйнае накладанне штрафу”.

Еўрарадыё: “Гэтая справа перадаецца ў суд ці можна неяк на месцы?”

Сяржант: “Можна і на месцы. Тут побач апорны пункт – у гэтай дзяжурнай частцы ў нас аплачваюцца адміністрацыйныя правапарушэнні. Калі ёсць грошы заплаціць штраф. А калі няма і ён затрыманы вечарам, то чакае да раніцы, да суда”.

Па словах супрацоўніка полацкай міліцыі, найчасцей за мацюкі штрафуюць. Адзінае адрозненне – трэба шукаць бліжэйшы банк.

Міліцыянт: “Штраф на месцы не прадугледжаны – усе штрафы аплачваюцца ў аддзяленнях банка”.

Іншая справа, калі затрыманы катэгарычна заяўляе, што ні ў чым не вінаваты і бруднымі словамі не лаяўся.

Старшыня аднаго з раённых судоў Гомельскай вобласці упэўнены: трэба шукаюць іншых сведкаў, не давяраючы (!) выключна словам міліцыянтаў.

Суддзя: “Бывае, што і міліцыя падманвае і нагаворвае на чалавека – усё бывае. На глебе непрыязных адносінаў, проста нагавораць на чалавека – і такое бывае. У такіх выпадках ацэньваем усе доказы і бывае, што спыняем справаводства і ўсё! Акрамя супрацоўнікаў міліцыі апытваем сведкаў”.

Пра тое, што сведчанняў адных міліцыянтаў не заўсёды дастаткова, кажуць Еўрарадыё і ў раённым судзе Віцебскай вобласці.

Суддзя: “Усё залежыць ад прызнання віны. Калі прызнаў віну, то сведчанняў міліцыянтаў дастаткова. Калі не прызнае – неабходныя сведкі. Чалавек кажа: “Сапраўды, я там ішоў і выказваўся непрыгожа, выбачайце”, то выклікаць сведкаў няма сэнсу. Калі ж кажа: “Няпраўда, мяне абылгалі, я ішоў і нармальна выказваўся”, тады іншая справа”.

Нельга проста і не гледзячы прысудзіць чалавеку за мацюкі 15 сутак, - сцвярджае і старшыня аднаго з раённых судоў Брэсцкай вобласці.

Суддзя: “Улічваецца характар здзейсненага правапарушэння, абставіны яго здзяйснення, асоба, ступень яе віны, характар і памер нанесенай шкоды, маёмасны стан, абставіны, якія змякчаюць ці абцяжарваюць адміністрацыйную адказнасць. Такім чынам, суддзя павінен улічыць усе абставіны, пералічаныя ў артыкуле 7.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

Калі чалавек абвяргае паказанні міліцыянтаў, то суддзя абавязаны прыняць усе неабходныя меры для высвятлення “ўсіх абставін справы”.

Як гэта ні дзіўна, але міліцыянты кажуць: чым садзіць чалавека на суткі, лепш пакараць яго за мацюкі рублём. А яшчэ адзін раённы суддзя даводзіць: пакаранне за мацюкі “суткамі”... крайні выпадак!

Суддзя: “Арышт да 15 сутак – крайняя мера. Суд заўсёды ацэньвае: працуе чалавек ці не, прыцягваўся раней ці не? Калі на ім, да прыкладу, 8 штрафаў вісіць, а ён не плаціць, нідзе не працуе, то што суду рабіць? Можа быць і арышт. І фабула патрэбная таксама: адна справа, калі нехта ладзіць бойку на аўтобусным прыпынку ці б’е вітрыны, і іншае – калі хтосьці дзесьці мацюкнуўся”.

А вось сталічным суддзям, у адрозненні ад іх калег з раёнаў, хапае толькі сведчанняў ад міліцыянтаў. Пры гэтым яны выносяць самы вялікі адміністрацыйны тэрмін арышту. Чаму – яны не каментуюць.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі