Суддзя: Удзел у форуме Ўсходняга Партнёрства — непаважлівая прычына
Нягледзячы на даволі пераканаўчыя аргументы адваката Таццяны Шапуцькі, суд цалкам прыняў бок Міністэрства адукацыі і БДУ
Суд па позве Таццяны Шапуцькі да Міністэрства адукацыі цягнуўся ад
ўчорашняга ранку да паловы на сёмую вечара, рашэнне суда было зачытанае
сёння. Таццяна Шапуцька падала ў суд на БДУ, бо лічыць сваё адлічэнне з
юрфака БДУ незаконным і палітычна матываваным. Студэнтка была адлічаная
пасля ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства і
пропуску з гэтай прычыны трох дзён заняткаў.
Суд
праходзіў у даволі напружанай атмасферы. У зале, апроч зацікаўленых
бакоў, увесь час сядзелі два міліцыянты ў форме і, выглядае, адзін
супрацоўнік спецслужбаў у цывільным — прынамсі, прыйшлі яны разам і
ўвесь час перагаворваліся.
Абараняла Таццяну Шапуцьку адвакатка
Мар’яна Сямашка, у якасці грамадскага абаронцы выступаў знаны юрыст
Гары Паганяйла. Таццяна сцісла пераказала нам сутнасць іх аргументаў.
Таццяна Шапуцька: Асноўнымі
довадамі нашага боку былі наступныя. Сярод прадстаўленых папераў не
было прадстаўлення дэкана аб адлічэнні, а была толькі службовая
запіска, дзе ён прасіў вымову. Па-другое, у загадзе аб адлічэнні не
былі дадзеныя канкрэтныя спасылкі на парушаныя мною правілы ўнутранага
распарадку, а была вельмі абагульненая фармулёўка. Трэцяе — падчас
вынясення дысцыплінарнага пакарання не была ўлічаная мая паспяховасць,
мае паводзіны і добрыя стасункі з аднагрупнікамі.
Рэч у тым,
што Гары Паганяйла вынайшаў даволі цікавую фармулёўку ў Статуце БДУ.
Там прапісана, што “прадстаўленне на адлічэнне студэнта выносіць дэкан,
а афармляе рэктар”. Спадар Паганяйла доўга дапытваўся ў прадстаўнікоў
Мінадукацыі і БДУ, ці бачаць яны розніцу між тым, хто прапануе
адлічыць, а хто гэта афармляе. Суд пакінуў гэта па-за ўвагай.
У
якасці сведкі быў апытаны намеснік дэкана юрфака БДУ спадар Шыдлоўскі.
Ён пацвердзіў суду, што Таццяна Шапуцька была вельмі добрай студэнткай,
мела сярэдні бал 8,22, цудоўна здавала ўсе сесіі, у групе паводзілася
вельмі прыязна, канфліктаў не мела. Спадар Шыдлоўскі таксама
пацвердзіў, што дэканат у службовай запісцы да рэктара сапраўды прасіў
для Шапуцькі толькі вымову. Але ён, Шыдлоўскі, не бачыць парушэння ў
тым, што рэктар прыняў рашэнне аб адлічэнні.
Студэнтам спадар
Шыдлоўскі вядомы яшчэ і тым, што калі ў абарону Таццяны было сабрана
больш за 300 подпісаў, ён выклікаў актыўных збіральнікаў у кабінет і
“праводзіў гутаркі”, пасля чаго дзяўчаты выходзілі ад яго ў слёзах, а
многія адклікалі подпісы назад. Гэтыя факты, агучаныя на судзе Таццянай
Шапуцькай, спадар Шыдлоўскі не прызнаў.
Цікава, што ў рашэнні
суда намеснік старшыні суда Маскоўскага раёна Мінска Юрый Шастакоў
падкрэсліў, што ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці Ўсходняга
Партнёрства суд не лічыць паважнай прычынай для пропуску заняткаў.
Нягледзячы на тое, што Таццяна – адзіная студэнтка БДУ, якая атрымала
персанальнае запрашэнне Еўракамісіі на мерапрыемства такога высокага
ўзроўню.
Суддзя Юрый Шастакоў: Суд ацаніў усе сабраныя
і даследаваныя па справе доказы, улічваючы, што заяўніца адсутнічала на
занятках 20 гадзінаў у перыяд ад 16 па 18 лістапада 2009 года, пра што
не паведаміла службовым асобам універсітэта і не прадставіла
дакументаў, якія б тлумачылі паважнасць яе прычыны адсутнасці на
занятках. А яе ўдзел у Форуме без атрымання дазволу на пропуск заняткаў
упаўнаважаных службовых асобаў на думку суда не з’яўляецца паважлівай
прычынай для пропуску заняткаў.
Аднак у выніку ўсё было
зведзена да вельмі хітрай фармулёўкі: што Таццяну правамоцна адлічылі
не за пропуск заняткаў, а за тое, што не паведаміла належным чынам
адказным асобам БДУ. На судзе прагучала цікавая думка, што калі пачаць
адлічаць студэнтаў за пропуск 20 гадзінаў заняткаў, у БДУ не
застанецца студэнтаў увогуле.
Рашэнне суда было, зрэшты, чаканым
і нікога асабліва не здзівіла. Довады Шапуцькі і яе прадстаўнікоў былі
пакінутыя па-за ўвагай, суддзя цалкам прыняў бок БДУ і Міністэрства
адукацыі.
Суддзя Юры Шастакоў: Суд вырашыў: Шапуцьцы Таццяне Віктараўне ў задавальненні скаргі на неправамоцныя дзеянні БДУ адмовіць.